Лукашэнка ўсклаў віну за вайну ва Украіне на “вашынгтонска-лонданскага гегемона”

4 ліпеня, Позірк. “Удзельнікамі сур’ёзных сістэмных зменаў у сусветнай палітыцы” назваў краіны Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 4 ліпеня ў Астане на сустрэчы палітыкаў у фармаце “ШАС-плюс”.
Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба, у аснове гэтых зменаў — “нараджэнне сусветнай шматпалярнай сістэмы міжнароднай бяспекі і супрацоўніцтва”.
“Аднак “залаты мільярд” гэтая перспектыва не радуе. Каланізуючы і неміласэрна эксплуатуючы ўсе астатнія краіны, Захад такім пірацкім спосабам на працягу стагоддзяў ствараў падмурак свайго багацця, палітычнай, эканамічнай і ваеннай перавагі”, — сказаў Лукашэнка.
“Вашынгтонска-лонданскі гегемон глядзіць на свет, як на сваю ўласнасць, — дадаў ён. — Шматмільярднае насельніцтва планеты для яго не людзі, а сродкі для дасягнення асабістага дабрабыту. Вось і ўся палітэканомія. У гэтым і крыецца асноўная прычына шматлікіх выклікаў у галіне міжнароднай бяспекі”.
Паводле сцвярджэння Лукашэнкі,”у рамках гэтай філасофіі і быў справакаваны канфлікт ва Украіне”.
“І ведаем, з якой прычыны. Як вынік — свет сёння ў глыбокім крызісе”, — заявіў ён.
Лукашэнка “глыбока перакананы”, што найлепшым адказам на “выклікі ў глабальнай палітыцы” павінны стаць “адзінства і згуртаванасць” краін ШАС.
“Для гэтага мы павінны кансалідавацца на той прасторы, якая з’яўляецца зонай адказнасці арганізацыі. Менавіта такі падыход вызначае неабходнасць стварэння Вялікай Еўразіі”, — падкрэсліў ён.
“Залаты мільярд” — цэнтральнае паняцце канспіралагічнай тэорыі, згодна з якой заходняя эліта дамагаецца пераразмеркавання значнай часткі выгод на сваю карысць.
Саміт ШАС праходзіў у Астане 3–4 ліпеня. У рамках саміту адбылося ўступленне Беларусі ў арганізацыю.
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва створаная ў 2001 годзе. Дэкларацыю аб яе заснаванні падпісалі кіраўнікі Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Пазней да арганізацыі далучыліся Індыя, Іран, Пакістан.
24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, называючы яе “спецыяльнай вайсковай аперацыяй”.
На першапачатковым этапе ўварвання беларуская тэрыторыя актыўна выкарыстоўвалася для ўводу войскаў, а таксама абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што падтрымлівае РФ у яе дзеяннях.

- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 30–31 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаПамер бюджэтнага дэфіцыту на 2026 год сведчыць аб узважаным падыходзе да кіравання дзяржфінансамі — Мінфін (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства30 снежня Латвія зафіксавала 3 спробы нелегальнай міграцыі з Беларусі, на мяжы з Літвой спакойна 8 дзёнМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка

