Мінск 05:31

У АБСЕ заявілі, што беларускі дыпламат Сідарэнка “загінуў пры няясных і вельмі трывожных абставінах”

Крыніца: амбасада Беларусі ў Германіі

8 ліпеня, Позірк. Былы амбасадар Беларусі ў Германіі Дзяніс Сідарэнка 23 чэрвеня “загінуў пры няясных і вельмі трывожных абставінах”, заявіла 5 ліпеня на пасяджэнні пастаяннага савета Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе часовы павераны ў справах ЗША пры АБСЕ Катрын Брукер.

Брукер працавала з Сідарэнкам у Вене ў пачатку 2000-х гадоў падчас яго першай камандзіроўкі ў складзе беларускай пастаяннай дэлегацыі пры АБСЕ. Яна ахарактарызавала яго як “надзвычай яркага, добрага чалавека, таленавітага лінгвіста і вельмі адданага і эфектыўнага прадстаўніка сваёй краіны — тады таксама ў складаных абставінах”.

“Як многія ў гэтай залі чулі, Дзяніс памёр, як мяркуецца, у выніку самагубства, пасля інтэнсіўнага допыту і праверкі на дэтэктары хлусні, праведзенай беларускім КДБ па яго вяртанні ў Мінск пасля васьмігадовага знаходжання ў Берліне ў якасці амбасадара ў Германіі. Паводле некаторых даных, на яго целе былі выяўленыя сляды катаванняў”, — сказала Брукер.

“Магчыма, мы ніколі не даведаемся сапраўдных абставінаў смерці Дзяніса, але адно можна сказаць напэўна: Дзяніса Сідарэнка забралі ў нас занадта рана”, — дадала яна, прапанаваўшы калегам “знайсці прыдатны спосаб” ушанаваць памяць пра яго.

Пра смерць Сідарэнкі, як мяркуецца, у выніку сардэчнага прыступу, паведаміў Позірк і іншыя незалежныя СМІ 26 чэрвеня, у дзень пахавання дыпламата. Толькі калі інфармацыя пра смерць з’явілася ў мас-медыя, яе пацвердзіла беларускае МЗС.

Згодна з версіямі, якія з’явіліся пазней, дыпламат, які завяршыў у сакавіку гэтага года васьмігадовую кадэнцыю ў якасці амбасадара ў Германіі, мог пакончыць з сабой пасля праверак КДБ, у тым ліку на дэтэктары хлусні, альбо быць забітым беларускімі спецслужбамі “прэпаратам з адкладзеным дзеяннем”.

Падзяліцца: