Экс-кіраўніца “Белсата” Рамашэўска-Гузы запатрабавала выбачэнняў у сувязі з выстаўленымі ёй абвінавачваннямі
9 ліпеня, Позірк. Спыніць паклёп у дачыненні да сябе і сваіх былых калег, а таксама апублікаваць на партале Польскага грамадскага тэлебачання (TVP) выбачэнні запатрабавала на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” былы дырэктар і галоўны рэдактар тэлеканала “Белсат” Агнешка Рамашэўска-Гузы.
Яна адзначыла, што апублікаваныя 8 ліпеня ў яе адрас абвінавачванні ў крадзяжы грашовых сродкаў, выстаўленні фальшывых рахункаў за ІТ-паслугі і іншых супрацьпраўных дзеяннях з’яўляюцца беспадстаўнымі. На думку медыяменеджара, яны “служаць для запалохвання людзей, якія верылі ў Польшчу і давяралі польскай дапамозе”, і гэта “гуляе на руку рэжыму Лукашэнкі”.
Рамашэўска-Гузы прывяла аргументы, якія, паводле яе пераканання, сведчаць аб неправамернасці прад’яўленых ёй парушэнняў.
У прыватнасці, яна адзначыла, што “Белсат” не атрымаў ад TVP сродкаў на абарону свайго сайта ад знешніх нападаў, таму тэлеканалу давялося ствараць адпаведную сістэму з прыцягненнем знешніх паслуг. Адпаведна, лічыць экс-дырэктар медыя, абвінавачванні ў нямэтавым выкарыстанні сродкаў з’яўляюцца беспадстаўнымі.
Яна таксама сцвярджае, што ўсе кантракты і замовы, заключэнне якіх ставіцца ў віну былому кіраўніцтву “Белсата”, аплачаныя “ў адпаведнасці з працэдурамі, якія дзейнічаюць у кампаніі TVP”, і рашэнні “звычайна праходзілі і праз іншыя падраздзяленні кампаніі”.
“Сродкі на аплату ІТ-паслуг не хаваліся ў нейкіх рэштках гатоўкі, а штогод вылучаліся ў бюджэце канала, пасля чаго выдаткі зацвярджаліся ўпраўленнем кантролю і рэструктурызацыі [тэлеканала]. Паколькі сродкі на гэтыя выдаткі ў асноўным вылучаліся Міністэрствам замежных спраў (хоць сітуацыя тут можа мяняцца з году ў год), яны таксама былі бачныя ў штогадовых справаздачах і рахунках, якія “Белсат” падаваў у МЗС”, — адзначыла Рамашэўска-Гузы.
8 чэрвеня журналісты-расследавальнікі Radio ZET і RadioZET.pl Марыюш Гершэўскі і Радаслаў Груца паведамілі што, ліквідатар TVР Даніэль Горгаш “апавясціў пракуратуру аб фінансавых парушэннях” на “Белсаце”.
На яго думку, былое кіраўніцтва канала, у тым ліку Рамашэўска-Гузы, “не выканалі абавязкі і перавысілі паўнамоцтвы”.
Паведамлялася, што праведзеная на “Белсаце” праверка нібыта выявіла сярод іншага фіктыўныя альбо завышаныя рахункі за ІТ-паслугі. З-за гэтага Telewizja Polska, у структуру якога ўваходзіў “Белсат”, магла страціць амаль 7 млн злотых (1,64 млн еўра).
“Аўдытары сцвярджаюць, што кіраўніцтва “Белсата” заключала дагаворы на аказанне ІТ-паслуг без правядзення тэндэрных працэдур і без аналізу рынку”, — адзначаецца ў матэрыяле.
Яны таксама не выключаюць, што кантракты былі заключаныя з кампаніямі, якія або не мелі адпаведнага досведу, або ствараліся спецыяльна пад канкрэтныя замовы.
Рамашэўска-Гузы ў адказ на гэта напісала ў “Х” (“Твітар”), што высновы аўдыту зроблены дзеля таго, “каб лягчэй было ўціхамірыць і запалохаць белсатаўцаў” і адпомсціць за яе пазіцыю. “З мяне вырашылі зрабіць зладзейку”, – лічыць яна. На думку былога кіраўніка, у ворагаў нічога не атрымаецца.
Цяперашні кіраўнік “Белсату” Аляксей Дзікавіцкі на просьбу праясніць “Позірку” сітуацыю, што склалася, устрымаўся ад каментара.
Раней паведамлялася, што канал ўвойдзе ў склад медыяструктуры, якая ствараецца на базе TVP. Структура будзе называцца Цэнтрам замежных праграм (ЦЗП) і аб’яднае ўсе тэлеканалы, што вяшчаюць на замежных мовах.
Паводле слоў кіраўніка TVP World Міхала Бранятоўскага, асноўная праца па стварэнні ЦЗП ужо праведзеная, зараз распрацоўваецца яго рэгламент і структура.
Прадугледжваецца, што ў склад ЦЗП акрамя “Белсата” ўвойдуць расійскі канал “Вось Так” і “ўкраінская рэдакцыя”, якая пачне працаваць 1 сакавіка 2025 года. Кіраваць ЦЗП будзе TVP World.
12 сакавіка Рамашэўска-Гузы, якая кіравала каналам з 2007 года, паведаміла пра сваё звальненне. У той жа дзень стала вядома, што на чале канала стане Дзікавіцкі, які да гэтага займаў пасаду намесніка дырэктара.
Прэс-служба TVP адзначыла тады, што змены сталі “вынікам працы над новай мадэллю для замежных каналаў TVP”, якія фінансуюцца польскім Міністэрствам замежных спраў.
3 красавіка Рамашэўска-Гузы звярнулася ў суд з пазовам да TVP. “Не павінна быць так, што пасля 32 гадоў працы чалавека выкідваюць, як смецце”, — напісала яна ў “Фэйсбуку”.
У 2023 годзе “Белсат”, асноўнай крыніцай фінансавання якога з’яўляюцца сродкі МЗС Польшчы, атрымаў ад ведамства 63 млн злотых (15,8 млн долараў на сёння), паведаміў Дзікавіцкі на прэс-канферэнцыі 20 сакавіка. На бягучы год, паводле яго слоў, гэта сума скарочана да 40 млн злотых (крыху больш за 10 млн долараў). Такім чынам, фінансаванне зменшана на 36,5%.
Пасля прыходу да ўлады па выніках парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў кастрычніку 2023 года, урад новага прэм’ер-міністра Дональда Туска пачаў рэвізію грамадскіх і дзяржаўных СМІ, якія, на яго думку, адстойвалі інтарэсы толькі партыі-канкурэнта “Права і справядлівасць”, што кіравала да гэтага.
Тэлеканал “Белсат” створаны для вяшчання на Беларусь у 2007 годзе на падставе дагавора паміж МЗС Польшчы і TVP.
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаШосты дзень запар актыўнасць нелегальных мігрантаў фіксуецца толькі на польскім напрамкуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+