Мінск 13:59

Праз атаку на кіеўскую бальніцу “Охматдит” КР заклікала да міжнароднага расследавання дзеянняў РФ

Разбураная частка кіеўскай дзіцячай бальніцы "Охматдит"
Фота: Міністэрства аховы здароўя Украіны

11 ліпеня, Позірк. Спачуванні блізкім загінулых і ўсім пацярпелым ад “варварскіх ракетных нападаў” з боку Расіі па мірных украінскіх гарадах выказала Каардынацыйная рада (КР) трэцяга складу.

Палітычная структура “ад імя беларускага грамадства і дэмакратычных сіл” выступіла з адпаведнай заявай, падставай для якой паслужыў “адзін з самых чорных і злачынных прыкладаў” — паветраны удар па кіеўскай дзіцячай бальніцы “Охматдит” (скарочана ад укр. “охорона материнства та дитинства” — “ахова мацярынства і дзяцінства”) 8 ліпеня 2024 года.

“Бальніца “Охматдит” у Кіеве з’яўляецца ўнікальнай медыцынскай установай, якая займаецца лячэннем асабліва складаных захворванняў у дзяцей з усёй Украіны намаганнямі лепшых медыцынскіх спецыялістаў, — адзначана ў дакуменце. — Больш за 7.000 тысяч найскладаных аперацый і сотні тысяч выратаваных дзіцячых жыццяў робяць бальніцу “Охматдит” найважнейшай гуманітарнай установай у перыяд агрэсіўнай вайны Расіі супраць народа Украіны”.

У заяве падкрэслена, што КР “асуджае расійскую агрэсію супраць Украіны, мэтанакіраваныя забойствы мірных жыхароў Украіны, асабліва дзяцей, расійскімі войскамі”. Палітычная структура заклікала ААН, іншыя міжнародныя арганізацыі і цывілізаваныя дзяржавы “да расследавання гэтых актаў дзяржаўнага тэрору на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці [з боку] пуцінскага рэжыму”.

“Звяртаем увагу, што рэжым Лукашэнкі бярэ саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, што пацвярджаецца ў тым ліку інфармацыйнай падтрымкай наратываў расійскай прапаганды і распаўсюдам ілжывай інфармацыі пра ўдар па дзіцячай бальніцы “Охматдит”, — адзначана ў дакуменце.

8 ліпеня масавыя ўдары РФ зазналі Кіеў, Днепр, Крывы Рог ды іншыя гарады. Загінула больш за 40 чалавек, пацярпела каля 200. Адна з ракет трапіла ў будынак бальніцы “Охматдит”, разбурыўшы два паверхі аднаго корпуса, пашкодзіўшы іншыя.

Падзяліцца: