Мінск 17:56

Большасць палякаў падтрымлівае ідэю закрыцця чыгуначных зносін з Беларуссю — апытанне

Ілюстрацыйнае фота: Benjamin Wagner / unsplash.com

11 ліпеня, Позірк. З тым, што неабходна закрыць чыгуначныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, згодна 71,8% палякаў, сведчаць апублікаваныя парталам Interia даныя апытання, праведзенага польскім Інстытутам рынкавых і сацыяльных даследаванняў.

Гэтую ідэю не падтрымала 13,2% рэспандэнтаў, не мае пэўнага меркавання па гэтым пытанні 15,1%.

Даследаванне праводзілася 5–7 ліпеня, у ім узяло ўдзел 1.070 чалавек.

За закрыццё чыгуначных пунктаў на мяжы з Беларуссю выступілі ў першую чаргу мужчыны (74% апытаных), людзі ва ўзросце 50–59 гадоў (95%), жыхары сярэдніх гарадоў (83%) і людзі з самым нізкім узроўнем адукацыі (77%).

Пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж Польшчай і Беларуссю адсутнічаюць з 2020 года, па чыгунцы ажыццяўляюцца толькі грузавыя перавозкі.

4 ліпеня стала вядома, што польскі мытны тэрмінал у Малашэвічы (Люблінскае ваяводства) пачаў прапускаць чыгуначныя грузы з Беларусі пасля 33 гадзін прастою.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Мытнай службы Польшчы, на тэрмінале праводзіліся “планавыя кантрольныя мерапрыемствы для абароны мытнай тэрыторыі ЕС ад пранікнення небяспечных тавараў або рэчываў”. У гэты час змесціва кантэйнераў, якія паступалі ў Польшчу праз Беларусь (у асноўным з Кітаю), “дбайна правяралася”.

Такім чынам, адзначаў польскі партал RMF са спасылкай на неназваных польскіх дыпламатаў, Польшча прадэманстравала Мінску свае магчымасці “легальна блакаваць чыгуначны транзіт з усходу” і накіравала “сігнал Лукашэнку”.

Польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі заявіў 22 чэрвеня, што Варшава разглядае магчымасць закрыцця ўсіх пагранпераходаў на мяжы з Беларуссю. Разам з тым 3 ліпеня ён сказаў, што Польшча не мае намеру закрываць мяжу для пасажырскага руху (праз аўтамабільныя пункты).

Толькі ад Мінска залежыць, якімі будуць яго добрасуседскія стасункі з Польшчай, падкрэсліў Сікорскі. “Нашы базавыя патрабаванні — каб на волю выйшаў [палітзняволены журналіст] Анджэй Пачобут і спынілася сілавая перакідка мігрантаў”, — дадаў міністр.

На сустрэчы з дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай 10 ліпеня на палях саміту НАТО ў Вашынгтоне Сікорскі заявіў пра магчымасць закрыцця мяжы для грузаперавозак.

26 чэрвеня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда па выніках сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, якая адбылася ў Пекіне, адзначыў, што “гібрыдная атака” на беларуска-польскай мяжы стала перашкодай для рэалізацыі кітайскай ініцыятывы “Адзін пояс — адзін шлях”. Днём раней МЗС Кітая заявіла, што разлічвае на паважлівыя ўзаемаадносіны Польшчы і Беларусі і вырашэнне праблемы на мяжы “шляхам кансультацый”.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона, пакуль тэрмін быў вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і Еўрасаюза працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: