Мінск 22:58

У Гомельскай вобласці абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі праз наступствы урагану

Фота: тэлеграм-канал "Мозырь News"

15 ліпеня, Позірк. Рэжым надзвычайнай сітуацыі абвешчаны ў Гомельскай вобласці праз наступствы ўраганнага ветру 14 ліпеня, паведаміў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

У афіцыйным тэлеграм-канале абласной адміністрацыі адзначаецца, што з прычыны непагадзі ў рэгіёне зафіксавана 457 выпадкаў пашкоджання дахаў жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў, 114 сельскагаспадарчых будынкаў у 249 населеных пунктах 15 раёнаў і Гомеля.

У выніку падзенняў дрэў і элементаў канструкцый загінулі тры чалавекі, уключаючы дзіця. Крупко прынёс спачуванні родным і блізкім загінулых.

Паведамляецца, што ў вобласці сфарміраваны аператыўны штаб, які ўзначаліў першы намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Бараноўскі. У кругласутачным рэжыме, як заяўляецца, працягваюць працаваць энергетыкі, ратавальнікі, леснікі, супрацоўнікі ЖКГ, міліцыя.

“Ствараюцца дадатковыя брыгады па расчыстцы лясных завалаў для максімальна хутчэйшага доступу энергетыкаў да ЛЭП. У кругласутачным рэжыме насельніцтва будзе забяспечана пітной вадой аж да поўнага аднаўлення водазабеспячэння”, — сказаў Крупко.

Паводле яго слоў, на раніцу 15 ліпеня заставаліся абясточанымі раённыя цэнтры Мазыр, Ельск, Калінкавічы, Лельчыцы, Нароўля. Усяго парушана электразабеспячэнне каля 1.150 населеных пунктаў.

Бараноўскі паведаміў, што для аднаўлення электразабеспячэння ў Мазырскі раён падцягнутыя сілы энергетыкаў з Гомеля і іншых рэгіёнаў, а таксама брыгады МНС, ЖКГ, будаўнікоў.

У СМІ і сацсетках паведамляецца, што праз адсутнасць водазабеспячэння жыхарам Мазыра пітную ваду дастаўляюць у цыстэрнах.

“Ваду мы плануем сёння даць на станцыях першага і трэцяга пад’ёмаў, што дасць магчымасць 80% горада і часткова раёна забяспечыць водазабеспячэннем. Па электраэнергіі: што можна запітаць электрагенератарамі, сёння плануем запітаць. Насельніцтву прыйдзецца трошкі пацярпець. Праблемы мы ведаем. Будзе забяспечана праца гандлю, банкаматаў, каб насельніцтва змагло зняць наяўныя грашовыя сродкі для разліку. Пытанні жыццядзейнасці будуць рэгулярна кожную гадзіну маніторыцца, а рашэнні прымацца”, — сказаў Бараноўскі.

Як толькі ў раёне запусціцца рэгіянальная асноўная сетка электразабеспячэння, зноў запрацуюць прадпрыемствы, дадаў ён. Цяпер праз адсутнасць электрычнасці не працуюць Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і прадпрыемства “Мазырсоль”.

Раніцай 15 ліпеня прэс-служба Міністэрства энергетыкі паведаміла, што за мінулыя суткі на тэрыторыі Беларусі праз непагадзь электразабеспячэнне парушалася ў 1.960 населеных пунктах.

Паводле звестак ведамства, адключэнні зафіксаваныя пераважна ў Гомельскім, Жлобінскім, Клімавіцкім, Мазырскі, Петрыкаўскім і Рэчыцкім раёнах Гомельскай вобласці, а таксама Быхаўскім, Магілёўскім і Чэрыкаўскім раёнах Магілёўскай вобласці.

“Навальнічны фронт з ліўнямі і шквалістым ветрам, парывы якога дасягалі 25–30 м/с, месцамі — градам, стаў прычынай падзення дрэў і галінак на лініі электраперадачы, [што прывяло да] іх абрыву, пашкоджання апор”, — паведамляе Мінэнерга.

Да ліквідацыі наступстваў непагадзі прыцягнулі 322 аварыйныя брыгады (805 чалавек, 327 адзінак тэхнікі).

Паводле інфармацыі ведамства на 7:00 15 ліпеня, аднаўленчыя работы працягваліся ў 1.263 населеных пунктах.

Падзяліцца: