Мінск 08:41

Энергасістэма сутыкнулася з небывалай сітуацыяй праз непагадзь — віцэ-прэм’ер

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

16 ліпеня, Позірк. Энергасістэма Беларусі “раней не сустракалася з сітуацыяй”, падобнай да той, якая ўзнікла ў выніку ўраганнага ветру 14 ліпеня, заявіў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак.

Відэафрагменты яго каментарыю пра ліквідацыю наступстваў непагадзі апублікавалі прэс-службы Савета міністра і Міністэрства энергетыкі.

Паводле слоў Сівака, адноўлена палова пашкоджаных высакавольтных ліній электраперадачы.

Чыноўнік звярнуў увагу на тое, што вецер быў “анамальнай сілы”. “Мы згубілі амаль усе генерыруючыя магутнасці і энергазабеспячальныя лініі рэгіёну Мазыра і прылеглых раёнаў, — канстатаваў ён. — Штармавы вецер прывёў да вялікіх пашкоджанняў высакавольтных ліній. Былі парваныя правады, разбураныя апоры. Пацярпелі 54 высакавольтныя лініі. Галоўнай задачай было аднавіць магутнасці і падаць электраэнергію ў Мазыр”.

Работа Мазырскай ЦЭЦ узноўленая, адноўлена 26 высакавольтных ліній, што дае магчымасць падаваць электраэнергію ў раёны Мазыра, адзначыў Сівак. Паводле яго слоў, “ужо пачалі сілкавацца” асноўныя спажыўцы, у тым ліку Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.

На працягу найбліжэйшых сутак энергетыкі паэтапна будуць даводзіць электраэнергію да спажыўцоў, сказаў віцэ-прэм’ер.

На раніцу 16 чэрвеня ў 700 населеных пунктах Беларусі ўсё яшчэ не было электрычнасці.

Паводле даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у Гомельскай вобласці шквалісты вецер паваліў больш за 800 дрэў, якія пашкодзілі высакавольтныя лініі электраперадачы.

У аздараўленчым лагеры ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці ад падзення дрэва загінула дзіця, пацярпела яшчэ некалькі. У Магілёўскім раёне ўвечары 14 ліпеня 5-гадовая дзяўчынка памерла праз траўму, атрыманай у выніку падзення на яе дрэва.

Падзяліцца: