Мінск 16:56

Эстонія таксама забараняе ўезд у краіну аўтамабіляў з беларускімі нумарамі

Будынак МЗС Эстоніі (у цэнтры)
Крыніца: vm.ee

17 ліпеня, Позірк. Транспартныя сродкі з беларускімі нумарамі “не будуць дапушчаныя ў Эстонію незалежна ад падстаў знаходжання іх уладальніка або карыстальніка ў Эстоніі або Еўрапейскім саюзе”, паведамляе МЗС гэтай балтыйскай дзяржавы. Дата, з якой уступае ў сілу забарона, не называецца.

Падставай для такога рашэння паслужылі санкцыі Еўрасаюза, прынятыя 29 чэрвеня, адзначае знешнепалітычнае ведамства.

У МЗС дапусцілі, што ў “абмежаваных выпадках” могуць быць зробленыя выключэнні, да прыкладу, з гуманітарных меркаванняў або аўтамабіляў з дыпламатычнымі нумарамі.

Міністр замежных спраў Маргус Цахкна мяркуе, што забарона на ўезд транспартных сродкаў з беларускімі нумарамі ў ЕС з’яўляецца “адзіна правільнай, бо беларускі рэжым наўпрост дапамагае ажыццяўляць і падтрымлівае агрэсію Расіі ва Украіне”.

Ён нагадаў, што аналагічныя пастановы прынялі Латвія і Літва: “Калі дзейнічаць супольна, то абмежаванні будуць больш эфектыўнымі, і гэта дасць магчымасць павялічыць кошт садзейнічання агрэсіі беларускаму рэжыму і не дапусціць абыходу санкцый, уведзеных супраць Расіі”.

Разам з тым кіраўнік МЗС падкрэсліў, што афіцыйны Талін “працягне падтрымліваць тых грамадзян Беларусі, якія вымушаныя пакінуць краіну праз рэпрэсіі”.

Ведамства паведаміла, што транспартны сродак з беларускімі нумарамі, які знаходзіцца ў Эстоніі, павінен быць перарэгістраваны ў тэрмін ад 5 да 12 дзён у залежнасці ад сітуацыі ў адпаведнасці з Законам аб дарожным руху.

Акрамя таго, транспартны сродак павінен быць задэклараваны на мытні на працягу шасці месяцаў, а таксама павінны быць выплачаныя імпартныя пошліны або заяўлены льготы.

З 16 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях з беларускімі нумарамі забаронена ўязджаць у ЕС праз пункты пропуску на мяжы Латвіі з Беларуссю і Расіяй, з 18 ліпеня — праз Літву (да 16 жніўня дзейнічае адтэрміноўка для прыватных асоб, якія не выкарыстоўваюць аўтамабіль у камерцыйных мэтах).

29 чэрвеня Савет Еўрасаюза прыняў новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Сярод іншага была пашыраная забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.

Акрамя таго, каб мінімізаваць рызыку абыходу санкцый, зарэгістраваным у ЕС кампаніям, якія належаць беларускім фізічным або юрыдычным асобам на 25% або больш, “павінна быць забаронена станавіцца аўтатранспартным прадпрыемствам або перавозіць тавары аўтатранспартам у саюзе, у тым ліку транзітам”.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла 16 ліпеня, што “абмежаванні на ўезд у Еўрасаюз аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй — “паспешнае і шкоднае рашэнне, якое б’е па людзях, а не па рэжыме Лукашэнкі”.

На гэтым фоне Лукашэнка ўхваліў ініцыятыву свайго МЗС аб увядзенні з 19 ліпеня бязвізавага рэжыму для 35 грамадзян краін Еўропы, якія ўязджаюць праз памежныя пераходы і аэрапорты.

Падзяліцца: