Ціханоўская сустрэлася з прэм’ерам Венгрыі Орбанам і прэзідэнтам Сербіі Вучычам (дапоўнена)
19 ліпеня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам і прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.
Сустрэчы прайшлі на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Вялікабрытаніі 18 ліпеня.
У распараджэнні “Позірку” маюцца адпаведныя фотасведчанні.
Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка пацвердзіў “Позірку” факт сустрэч, але не стаў раскрываць падрабязнасці.
Венгрыя застаецца адзінай краінай Еўрасаюза, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Мінскам. Як член ЕС яна была вымушаная далучыцца да санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, але прадстаўнікі венгерскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзенне.
Міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр Сіярта наведаў Мінск з рабочым візітам у траўні гэтага года.
5 чэрвеня 2020 года адбыўся першы ў гісторыі беларуска-венгерскіх адносін афіцыйны візіт Орбана ў Беларусь.
1 кастрычніка 2021 года ў Афінах (Грэцыя) прайшла дыскусія з удзелам Сіярта і Ціханоўскай.
Вядоўца спытаў, навошта Орбан прыязджаў да Лукашэнкі, калі ў краіне ўжо ішлі рэпрэсіі. Сіярта адказаў, што тады адносіны былі “прагматычнымі”, але ўсё змянілася — Венгрыя падтрымала ўсе санкцыі ЕС. Ён дадаў, што сустрэча з былым кіраўніком МЗС — цяпер нябожчыкам Уладзімірам Макеем — “не азначае, што Венгрыя перастала падтрымліваць беларусаў”, і запрасіў Ціханоўскую наведаць яго краіну з афіцыйным візітам.
2 снежня 2021 года Сіярта правёў у Стакгольме (Швецыя) яшчэ адну сустрэчу з Макеем, патлумачыўшы яе “неабходнасцю падтрымліваць каналы сувязі для вырашэння міграцыйнага крызісу”.
У студзені 2023 года Сіярта, віншуючы ў тэлефоннай размове з прызначэннем на пасаду кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Алейніка (адпраўлены ў адстаўку 27 чэрвеня гэтага года), абмяркоўваў з ім перспектывы далейшага ўзаемадзеяння. Ужо ў лютым таго ж года Сіярта прыбыў з візітам у Мінск, у красавіку Алейнік знаходзіўся з візітам у Будапешце.
У канцы верасня мінулага года Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад новага амбасадара Венгрыі ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык. Такім чынам, Венгрыя з’яўляецца адзінай краінай ЕС, амбасадар якой уручыў граматы Лукашэнкі пасля падзей 2020 года.
26 кастрычніка 2023 года Сіярта “нечакана прыбыў” у Мінск на канферэнцыю “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармуемым свеце”.
Ціханоўская 17 студзеня гэтага года ў Давосе (Швейцарыя) абмеркавала з прэзідэнтам Венгрыі Каталінай Новак (сышла ў адстаўку ў лютым) міжнародную падтрымку Беларусі і папрасіла яе прытрымлівацца сумеснай палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Мінска.
Венгрыя — адзіная краіна ЕС, у якую яшчэ не здзяйсняла візіт беларускі дэмакратычны лідар.
З 1 ліпеня 2024 года Венгрыя ў парадку чарговасці старшынствуе ў Савеце Еўрапейскага саюза.
Сербія з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз.
У 2021 годзе Бялград далучыўся да санкцый ЕС супраць Мінска, пасля расійскага ўварвання ва Украіну падтрымаў наступныя пакеты абмежаванняў. У канцы студзеня 2022 года беларускі ўрад распаўсюдзіў на Сербію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Яно падоўжанае да канца 2024 года.
Пры гэтым Сербія 25 кастрычніка 2019 года падпісала пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумент уступіў у сілу 10 ліпеня 2021 года.
Лукашэнка, прызначаючы 20 лістапада 2023 года Сяргея Маліноўскага амбасадарам у Сербіі і Паўночнай Македоніі па сумяшчальніцтве, заявіў, што Бялграду трэба “разабрацца ў той палітыцы”, якую ён “праводзіць і жадае праводзіць у дачыненні да Беларусі”.
“Калі яны хочуць [супрацоўнічаць з Беларуссю], павінен быць вынік у гандлёва-эканамічных адносінах, — сказаў ён. — Калі яны хочуць віляць хвастом, груба кажучы, і падтрымліваць еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, гэта іх праца, няхай вызначаюцца і падтрымліваюць, калі яны забыліся тое дабро, з якім мы ішлі да іх”.
2 лютага беларускі дыпламат уручыў даверчыя граматы Вучычу. Яны абмеркавалі “перспектывы актывізацыі двухбаковага палітычнага дыялогу”, “актуальныя аспекты беларуска-сербскага ўзаемадзеяння з акцэнтам на магчымасці пашырэння эканамічных сувязяў”.
Лукашэнка, віншуючы Вучыча з Днём дзяржаўнасці 15 лютага, назваў Сербію “важным і надзейным партнёрам” Беларусі ў Еўропе і выказаў зацікаўленасць у “дынамічным развіцці шматгранных двухбаковых кантактаў у духу ўзаемнай павагі і падтрымкі”.
У лютым і сакавіку Маліноўскі сустракаўся з дзяржсакратаром сербскага знешнепалітычнага ведамства Гаранам Алексічам, выканаўцамі абавязкаў намесніка кіраўніка МЗС Ягодай Лазарэвіч, Тамарай Раставац Сіямашвілі, дырэктарам Інстытута міжнароднай палітыкі і эканомікі Браніславам Джорджэвічам. На перамовах абмяркоўвалася палітычнае і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.
У кастрычніку 2023 па прылёце ў Бялград сербскія памежнікі затрымалі, а пасля перадалі паліцыі 41-гадовага беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, якога абвясціла ў вышук Нацыянальнае бюро Інтэрпола. Яно запатрабавала экстрадаваць мужчыну ў Беларусь для крымінальнага пераследу.
Праваабаронцы і адвакат Гнёта настойваюць, што ён пераследуецца па палітычных, а не эканамічных матывах, як сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
31 траўня суд у Бялградзе пастанавіў, што патрабаванне выдаць Гнёта беларускім праваахоўным органам законнае і павінна быць задаволена “ў мэтах яго прыцягнення да крымінальнай адказнасці па абвінавачванні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў) <…> на падставе пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага ад 08.11.2023 года”. Рашэнне Гнёт і яго адвакат атрымалі 13 чэрвеня, яны заявілі аб яго абскарджанні.
Цяпер Гнёт знаходзіцца ў Бялградзе пад хатнім арыштам.
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 2–4 лістапада 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаПраз 35 гадоў пасля стварэння ліквідуецца Беларуская асацыяцыя садзейнічання ААНМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Выбары, ПалітыкаКалі Канапацкую зарэгіструюць, ёй будзе дазволена крытыкаваць Расію — ЛябедзькаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаЛетась даходы ад паляўнічага турызму ў Беларусі з удзелам замежнікаў павялічыліся на 30% — МінлясгасМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаНа рынак працы могуць вярнуцца 10 тыс. пенсіянераў — МінпрацыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства