Мінск 21:55

Яшчэ адзін беларускі спартсмен атрымаў запрашэнне на Алімпіяду, заяўляе НАК

Архіўнае фота: НАК Беларусі

20 ліпеня, Позірк. Барэц Магамедхабіб Кадзімагамедаў атрымаў запрашэнне на Алімпіяду ў Парыжы, заяўляе прэс-служба Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Беларусі.

З паведамлення вынікае, што Кадзімагамедаў прыняў запрашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) і стане 17-м беларускім атлетам, які выступіць на сусветных спаборніцтвах, хаця на сайце МАК пацвярджэння таму пакуль няма.

Варта адзначыць, што 16 ліпеня НАК ужо зацвердзіў “спісачны склад спартсменаў і суправаджаючых асоб на XXXIII летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы”. У ім фігуруе 16 індывідуальных нейтральных спартсменаў: Абубакар Хаслаханаў (грэка-рымская барацьба), Ганна Церах (веласпорт), Яўген Залаты і Таццяна Клімовіч (акадэмічнае веславанне), Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна (веславанне на байдарках і каноэ) Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай і Аліна Змушко (плаванне), Віялета Бардзілоўская і Іван Літвіновіч (скачкі на батуце), Дар’я Чупрыс і Аляксандра Пятрова (кулявая стральба), Георгій Гурцыеў (тхэквандо), Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў (цяжкая атлетыка).

На сайце МАК адзначаецца, што былі дапушчаныя да Алімпіяды, але адмовіліся ад удзелу барцы Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзмітрый Зарубскі, Віялета Рэбікава і Крысціна Сазыкіна, а таксама тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка. Апошняя спачатку прыняла запрашэнне, але пазней адхіліла яго.

Усе дапушчаныя да ўдзелу ў Алімпіядзе спартсмены з Беларусі ўхваленыя нейтральнай групай па праверцы адпаведнасці спартсменаў кваліфікацыйным патрабаванням (AINERP), якую МАК заснаваў сёлета ў сакавіку.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

З аналагічнымі ўмовамі 8 снежня МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў АГ-2024 у нейтральным статусе.

Падзяліцца: