Мінск 14:26

МНС: Ад непагадзі пацярпела 8 населеных пунктаў, упала 316 дрэў

Скрыншот: відэаматэрыял МНС

30 ліпеня, Позірк. Праз навальнічны фронт і вецер з парывамі да 26 метраў на секунду ў сямі раёнах Беларусі пацярпела 8 населеных пунктаў (Гродзенская вобласць — 4, Мінская — 3, Магілёўская — 1), паведамляе прэс-служба МНС пра наступствы непагадзі 29 ліпеня.

Паводле інфармацыі ведамства, стыхія пашкодзіла дахі шасці дамоў і двух аб’ектаў сацкультбыту, вядуцца аднаўленчыя работы.

Зафіксавана 316 выпадкаў падзення дрэў: у Мінску — 52, Гродзенскай вобласці — 137, Мінскай — 58, Брэсцкай — 29, Магілёўскай — 18, Гомельскай — 15, Віцебскай — 7.

Паваленыя дрэвы пашкодзілі 15 аўтамабіляў (у Мінску — 8, Гродзенскай вобласці — 4, Магілёўскай — 2, Гомельскай — 1).

“Ратавальнікі працягваюць работы па аказанні дапамогі і вядуць маніторынг аператыўнай абстаноўкі ў сувязі з праходжаннем моцнага ветру і навальніц па тэрыторыі рэспублікі. Дажджы і моцны вецер парывамі да 20 м/с захоўваюцца і сёння”, — папярэджвае МНС.

Непагадзь 29 ліпеня парушыла электразабеспячэнне 1.917 населеных пунктаў Беларусі, абясточыла 6.168 трансфарматарных падстанцый, 171 ферму, 24 кацельні. На 6:00 30 ліпеня аднаўленчыя работы працягваліся ў 48 паселішчах.

Раней МНС паведаміла пра двух пацярпелых ад наступстваў стыхіі.

Падзяліцца: