Мінск 09:15

Кубракоў заклікаў міліцыю быць гатовай да любога развіцця падзей на выбарах прэзідэнта ў 2025 годзе

Архіўнае фота: МУС

30 ліпеня, Позірк. Органы ўнутраных спраў павінны “старанна падрыхтавацца да нясення службы” ў перыяд выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта ў 2025 годзе, заявіў кіраўнік МУС Іван Кубракоў 30 ліпеня ў Брэсце на пасяджэнні калегіі рэгіянальнага УУС.

“Расслабляцца нельга, — цытуе міністра прэс-служба міліцэйскага ведамства. — Трэба быць гатовымі да любога развіцця падзей”.

Для гэтага, лічыць ён, патрэбны сур’ёзны аналіз і правядзенне адпаведных вучэнняў.

У паведамленні не пазначана, чаго менавіта асцерагаецца Кубракоў, ведамства якога чатыры гады сярод іншых сілавікоў актыўна пераследуе грамадзян з палітычных матываў.

Паводле слоў міністра, у Брэсцкай вобласці на нізкім узроўні знаходзіцца раскрывальнасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку.

Праблемным пытаннем, паведамляе прэс-служба МУС, ён назваў крадзяжы з жылля, адзначыўшы неабходнасць “стараннага аналізу сітуацыі, што склалася, і ўнясенне прапаноў па пераадоленні негатыўнай тэндэнцыі”.

Таксама прамоўца ўказаў на рост выпадкаў перадазіроўкі наркотыкаў і запатрабаваў “узмацніць аператыўную працу ў барацьбе з наркагандлем”.

Кубракоў даручыў больш актыўна прыцягваць да адказнасці грубых парушальнікаў правілаў дарожнага руху, асабліва правілаў манеўравання. Неабходна максімальна выкарыстоўваць “увесь патэнцыял тэхнічных сродкаў, у тым ліку квадракоптары”.

Таксама ён звярнуў увагу на фізічную і прафесійную падрыхтоўку супрацоўнікаў, якой “трэба надаваць больш увагі”.

Шостыя ў гісторыі краіны прэзідэнцкія выбары адбыліся 9 жніўня 2020 года. Відавочныя парушэнні і фальсіфікацыі вынікаў на карысць Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дзеянні сілавікоў выклікалі найбольш маштабныя ў гісторыі краіны пратэсты, за якімі рушылі ўслед самыя маштабныя за ўвесь перыяд яго кіравання рэпрэсіі, што працягваюцца да гэтага часу.

Раней старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка адзначаў, што прэзідэнцкая выбарчая кампанія павінна прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў 2023 годзе было зарэгістравана 10.829 злачынстваў (у 2022-м — 11.257; -3,8%), Віцебскай — 8.921 (9.014; -1%), Гомельскай — 13.375 (14.630; -8,6%), Гродзенскай — 8.526 (9.346; -8,8%), Мінскай — 13.808 (14.442; -4,4%), Магілёўскай — 9.805 (9.815; -0,1%), Мінска — 20.471 (20.400; +0,3%).

Падзяліцца: