Мінск 18:35

Крэмль падзякаваў Лукашэнку за памілаванне Крыгера

Рыка Крыгер на відэазапісы пачатку працэдуры абмену

1 жніўня, Позірк. Расійскія ўлады падзякавалі Аляксандру Лукашэнку за памілаванне грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера.

У паведамленні прэс-службы Крамля гэта названа “жэстам добрай волі”.

Асуджаны ў Беларусі на смяротнае пакаранне і затым памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам Крыгер вызвалены ў рамках найбуйнейшага за многія гады абмену зняволенымі, які адбыўся паміж Расіяй, ЗША і Германіяй.

Федэральная служба бяспекі РФ апублікавала відэакадры пасадкі памілаваных расійскіх палітвязняў у самалёт на Турцыю. На запісе бачны і Крыгер, якога даставілі з Беларусі.

Прэс-служба Крамля таксама паведаміла, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указы аб памілаванні Пола Уілана (былы амерыканскі марскі пяхотнік), Эвана Гершковіча (амерыканскі журналіст), Кевіна Ліка (ураджэнец Германіі, пераехаў у РФ з расійскай маці), Дэмуры (Дытэра) Вароніна (расійска-нямецкі палітолаг), Уладзіміра Кара-Мурзы, Алсу Курмашавай, Ліліі Чанышавай, Вадзіма Астаніна, Ясеніі Фадзеевай, Аляксандры Скачыленка, Іллі Яшына, Андрэя Піваварава і Алега Арлова.

Акрамя Мінска Масква выказала “ўдзячнасць кіраўніцтву ўсіх краін, якія аказалі садзейнічанне ў падрыхтоўцы абмену”.

Раней паведамлялася, што Масква павінна была атрымаць расіян, асуджаных у ЗША і Еўрасаюзе. Сярод іх супрацоўнік ФСБ Вадзім Красікаў, прыгавораны у Германіі да пажыццёвага тэрміну за забойства; прызнаныя вінаватымі ў шпіянажы Арцём і Ганна Дульцавы, якія адбывалі пакаранне ў Славеніі, а таксама Міхаіл Мікушын, Павел Рубцоў, Раман Селязнёў, Уладзіслаў Клюшын, Вадзім Канашчонак.

24 чэрвеня Мінскі абласны суд (суддзя Алег Лапека) вынес Крыгеру смяротны вырак. Немец быў прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 3581 (агентурная дзейнасць) і арт. 133 (найміцтва) Крымінальнага кодэкса.

МЗС Беларусі 20 ліпеня паведаміў, што беларускі бок прапанаваў Германіі “канкрэтныя рашэнні па наяўных варыянтах развіцця сітуацыі”.

30 ліпеня стала вядома, што Крыгер звярнуўся да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні. У той жа дзень яно было задаволенае.

25 ліпеня на тэлеканале “Беларусь 1” быў паказаны маналог Крыгера. У сюжэце сцвярджалася, што Крыгер быў завербаваны Службай бяспекі Украіны для здзяйснення тэрактаў у Беларусі.

Падзяліцца: