Мінск 14:19

Вячорка пра выбары-2025: Не важна, што рабіць, важна, каб мы рабілі адно і тое ж

Фота: асабісты архіў Франака Вячоркі

3 жніўня, Позірк. У прыхільнікаў пераменаў — актыўнай часткі беларускага грамадства пакуль няма агульнай стратэгіі дзеянняў на прэзідэнцкіх выбарах, якія плануецца правесці ў 2025 годзе, вынікае з заявы галоўнай дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі 3 жніўня ў Вільнюсе на канферэнцыі “Новая Беларусь”.

Паводле яго слоў, праведзенае раней апытанне паказала, што адныя выступаюць за байкот, іншыя — за галасаванне супраць усіх і іншыя варыянты.

“Няма дакладнай пазіцыі, таму [пытанне] патрабуе шырокай дыскусіі, шырокага разбору, шырокага кола палітычных актараў і ініцыятыў. Няважна, што рабіць, важна, каб мы рабілі адно і тое ж, каб нашая пазіцыя была адзінай”, — заявіў Вячорка.

Ціханоўская, адказваючы на пытанне пра стратэгію на 2025 год, заклікала разумець, што “можа быць некалькі сцэнарыяў правядзення так званых выбараў — рытуалу, калі Лукашэнка сам сябе прызначае”. “Можа, іх увогуле не будзе. Можа, будуць з нейкімі альтэрнатыўнымі людзьмі — прарасійскімі, з кішэннай апазіцыі”, — выказала здагадку яна.

“Мы, вядома, на гэты момант павінны мабілізавацца і зрабіць усё, каб прыцягнуць увагу беларусаў да Беларусі, праблем Беларусі, да палітзняволеных”, — сказала палітык.

Падзяліцца: