Мінск 21:32

Рагожнік і Мезенцаў абмеркавалі праблему роўмінгу, якую Мінск і Масква вырашаюць сем гадоў

5 жніўня, Позірк. Актывізацыя работы “па забеспячэнні роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі ў Саюзнай дзяржаве” абмяркоўвалася 5 жніўня на сустрэчы амбасадара Беларусі ў РФ Аляксандра Рагожніка і дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы, былога амбасадара РФ у Мінску Дзмітрыя Мезенцава.

Як паведамляе амбасада Беларусі ў РФ, бакі абмеркавалі пытанні мытнага надгляду і пагранічнага кантролю ў аэрапортах, дэфіцыту чыгуначнага транспарту ў святочныя і выхадныя дні, адмены роўмінгу, узгаднілі далейшыя мерапрыемствы па стварэнні медыякампаніі Саюзнай дзяржавы.

28 чэрвеня віцэ-прэм’ер урада РФ Дзмітрый Чарнышэнка заявіў, што роўмінг паміж РФ і Беларуссю будзе адменены да канца года.

Пра тое, што пытанне зніжэння кошту або адмены роўмінгу на перадачу даных у мабільных сетках Беларусі і РФ можа быць вырашана “найбліжэйшым часам”, паведаміў Мезенцаў 7 чэрвеня на палях Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму.

10 чэрвеня па выніках пасяджэння групы высокага ўзроўню Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Круты, які тады быў амбасадарам Беларусі РФ, заявіў, што пасля адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй тарыфы мабільнай сувязі не будуць безлімітнымі.

Рэзалюцыя Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы аб адмене роўмінгу была прынята 30 чэрвеня 2017 года.

Летась расійскі бок паведамляў аб намеры краін адмяніць роўмінг з 1 красавіка, але ў той дзень была адменена толькі аплата ўваходзячых званкоў.

Аб планаванай адмене роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сёлета 24 траўня пасля перагавораў у Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам.

Акрамя таго, беларускія і расійскія ўлады ў апошнія гады развіваюць чыгуначныя зносіны паміж дзвюмя краінамі. 9 чэрвеня ў Мінску амбасадар РФ Барыс Грызлоў анансаваў адкрыццё новых чыгуначных напрамкаў у 2024 годзе. Паводле яго слоў, РФ і Беларусь рэалізуюць шэраг перспектыўных праектаў, многія з якіх звязаны з транспартам і лагістыкай.

“На днях быў запушчаны цягнік паміж Псковам і Беларуссю. Цяпер мы працуем над тым, каб наладзіць чыгуначныя зносіны Смаленск — Орша і Смаленск — Віцебск. Гэта таксама будзе рэалізавана сёлета”, – паведаміў ён, анансуючы таксама рэалізацыю “перспектыўнага праекта” — высакахуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск, па якой “цягнік будзе дасягаць сталіц краін на працягу прыкладна трох гадзін”.

5 жніўня 2023 года на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі (БЧ) Сяргей Шэмет паведаміў, што паміж РФ і РБ ходзіць 16 пар цягнікоў: дзевяць — беларускага фарміравання, сем — расійскага.

Падзяліцца: