Мінск 23:07

Экс-прэм’ер Бангладэш, якая пакінула краіну, можа папрасіць прытулак у Беларусі — СМІ

7 жніўня, Позірк. Прэм’ер-міністр Бангладэш Шэйх Хасіна, якая падала ў адстаўку і пакінула краіну 5 жніўня на хвалі пратэстаў, разглядае Беларусь у якасці адной з краін, да якой можа звярнуцца па палітычны прытулак. Пра гэта піша са спасылкай на сваю крыніцу індыйскі Free Press Journal (FPJ).

Цяпер палітык знаходзіцца ў Індыі. Раней паведамлялася, што яна звярнулася па прытулак да Вялікабрытаніі, аднак, паводле інфармацыі FPJ, у Лондане далі зразумець, што яна можа не атрымаць прававой абароны ў выпадку магчымага расследавання масавых пратэстаў у яе краіне, якія прывялі да гібелі сотняў людзей.

У сувязі з гэтым у якасці патэнцыйных дзяржаў для прыстанішча Шэйх Хасіна нібы разглядае Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Беларусь, Катар, Саудаўскую Аравію і Фінляндыю.

На пачатку ліпеня ў розных гарадах Бангладэш пачаліся выступленні студэнтаў супраць сістэмы квот на працоўныя месцы для сваякоў удзельнікаў вайны за незалежнасць 1971 года. Паступова абстаноўка ў краіне напальвалася, маніфестацыі перараслі ў беспарадкі, у ходзе якіх арыштавана не менш за 10 тыс. чалавек.

Антыўрадавыя пратэсты ўспыхнулі з новай сілай 4 жніўня ў сталіцы Даке і іншых гарадах. Удзельнікі акцыяў патрабавалі адстаўкі Шэйх Хасіны.

5 жніўня тэлеканал “France 24” са спасылкай на дадзеныя паліцыі і медыкаў паведаміў, што колькасць загінулых падчас пратэстаў у Бангладэш дасягнула 300.

У краіне была ўведзена каменданцкая гадзіна, дні з 5 па 7 жніўня аб’яўлены выхаднымі.

6 жніўня прэзідэнт Бангладэш заявіў аб роспуску парламента і прызначыў часова выконваючым абавязкі прэм’ер-міністра лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Мухамада Юнуса.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў наведваў Бангладэш у першай палове сакавіка. Ён дамовіўся з міністрам гандлю Ахсанулам Ісламам Ціту арганізаваць у 2024 годзе другое пасяджэнне сумеснай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве.

Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі набыло моц у траўні 2012 года.

Паводле звестак МЗС Беларусі, у 2021 годзе двухбаковы тавараабарот склаў 177 млн долараў (беларускі экспарт — 149,8 млн, бангладэшскія пастаўкі — 27,2 млн). Беларусь прадавала калійныя ўгнаенні, малако і вяршкі, ізаляваныя правады і кабелі, цэлюлозу, паперу, профілі са сталі і інш.; закупляла гародніну, садавіну, тэкстыль, адзенне.

Не выключана, што опцыя атрымання прытулку ў Беларусі разглядаецца ў сувязі з тым, што афіцыйны Мінск ігнаруе запыты кыргызскай генпракуратуры аб выдачы былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі ў 2010 годзе, а на радзіме завочна прыгавораны ўжо да некалькіх працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі па справах, звязаных з карупцыяй.

Падзяліцца: