Мінск 14:28

ЗША падтрымліваюць народ Беларусі ў імкненні да дэмакратычнай будучыні — прадстаўнік Белага дома

Скрыншот: відэазварот прадстаўніка СНБ Белага дома Джона Кёрбі

10 жніўня, Позірк. Чатыры гады таму беларускі народ “паспрабаваў рэалізаваць асноўнае дэмакратычнае права і ўзяць удзел у выбарах, каб вызначыць будучыню сваёй краіны”, адзначыў прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кёрбі ў звароце з нагоды чарговай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

“Замест таго, каб прыслухацца да волі народа, рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі фальсіфікаваў вынікі выбараў, кінуў за краты мірных дэманстрантаў, нацэліўся на актывістаў, лідараў грамадзянскай супольнасці і нават журналістаў”, — сказаў ён.

Рэжым Лукашэнкі, канстатаваў Кёрбі, “працягвае жорсткія рэпрэсіі супраць уласнага народа, па ўсёй краіне ўтрымліваецца ў няволі 1.400 палітычных зняволеных”, да вызвалення якіх працягваюць заклікаць ЗША. Рэжым у Мінску, таксама адзначыў ён, “падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны, у тым ліку размяшчаючы расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі і пастаўляючы ім зброю і боепрыпасы”.

“З моманту ўступлення на пасаду прэзідэнт [Джо] Байдэн быў вельмі зразумелы — Злучаныя Штаты нязменна падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненні да дэмакратычнай будучыні, — падкрэсліў прадстаўнік Белага дома. — Злучаныя Штаты будуць працягваць адстойваць правы чалавека і свабоду слова ў Беларусі і заклікаць рэжым Лукашэнкі да адказу за яго дзеянні”.

У рамках гэтага, сказаў Кёрбі, уведзеныя новыя санкцыі “ў дачыненні да больш як 30 суб’ектаў — 19 фізічных асоб, 14 арганізацый і аднаго самалёта”.

“Гэтыя беларускія фізічныя і юрыдычныя асобы ўдзельнічаюць ва ўзбагачэнні карумпаванага рэжыму Лукашэнкі і падтрымліваюць агрэсіўную вайну Расіі, — заявіў спікер. — Захады робяцца ў каардынацыі з Еўрапейскім саюзам і іншымі партнёрамі-аднадумцамі”.

“Як сказаў прэзідэнт лідару беларускай апазіцыі, мы працягнем падтрымліваць беларускі народ, які смела адстойвае свае дэмакратычныя памкненні”, — падсумаваў Кёрбі.

Вялікабрытанія, ЕС, Канада і ЗША выступілі з сумеснай заявай да чацвёртай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі

9 жніўня, Позірк. Вялікабрытанія, Еўрасаюз, Канада і ЗША, якія аб'явілі аб новых пакетах санкцый супраць беларускіх уладаў, вечарам 9 жніўня выступілі з сумеснай заявай да чацвёртай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. “Праз чатыры гады пасля ашуканскіх прэзідэнцкіх выбараў 2020 года …

У гадавіну выбараў 2020 года амбасада ЗША ў Беларусі заклікала неадкладна вызваліць палітвязняў (дапоўнена)

дададзеныя абзацы 4–5 9 жніўня, Позірк. Неадкладна вызваліць палітвязняў заклікала пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі у Беларусі ў чарговую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У заяве адзначаецца, што ЗША падтрымліваюць “беларускі народ і яго дэмакратычныя памкненні". Амбасада нагадала, што 9 жніўня 2020 года …
Падзяліцца: