be
Arrow
Мінск 19:39

Палітолаг Карбалевіч: Сыход Макея сімвалічны — гэта канец эпохі, калі Беларусь спрабавала балансаваць паміж Расіяй і Захадам

26 лістапада, BPN. Сыход з жыцця міністра замежных спраў Уладзіміра Макея “вельмі сімвалічны”, паколькі азначае заканчэнне “цэлай эпохі ў беларускай знешняй палітыцы”, такое меркаванне выказаў у каментарыі BPN палітолаг Валерый Карбалевіч.

“Гэта была эпоха, калі Беларусь спрабавала балансаваць, манеўраваць і гуляць на супярэчнасцях паміж Расіяй і Захадам. Гэты этап скончыўся, вось і Макея не стала”, — адзначыў ён.

Ацэньваючы ролю чыноўніка ў беларускай палітыцы, Карбалевіч назваў яго “цяжкавагавіком”, паколькі на працягу многіх гадоў ён “утрымліваўся блізка да ўлады”.

“Гэта вельмі дзіўна, паколькі ў Беларусі ёсць толькі адзін палітык. Чалавек, які мае нейкую вагу, можа доўга заставацца ва ўладзе толькі пры адной умове — абсалютнай упэўненасці [Аляксандра] Лукашэнкі, што ён яму адданы”, — адзначыў эксперт.

На думку палітолага, Макей, які ўзначальваў Адміністрацыю прэзідэнта 2008–2012 гадах, быў “самым заўважным” з усіх яе кіраўнікоў. “Калі ў любы іншы перыяд на пытанне пра чалавека “нумар два” ў беларускай палітычнай іерархіі было цяжка адказаць, то ў тыя гады такім чалавекам упэўнена называлі менавіта Макея”, — сказаў Карбалевіч.

Ён таксама звярнуў увагу, што дзесяцігоддзе знаходжання чыноўніка на чале Міністэрства замежных спраў — рэкордна працяглы тэрмін для аднаго чалавека на гэтай пасадзе ў Беларусі.

“На чале МЗС Макей ажыццяўляў паварот беларускай знешняй палітыкі на шлях балансавання паміж Расіяй і Захадам. Можна сказаць, што з яго прыходам на гэтую пасаду ў Беларусі, уласна, і з’явілася знешняя палітыка. Таму што аднабаковы курс на інтэграцыю з Расіяй такой назваць нельга”, — канстатаваў эксперт.

Карбалевіч нагадаў, што “расійскія шавіністычныя тэлеграм-каналы абвінавачвалі Макея ў тым, што ён настроены па-антырасійску, што ён празаходні”. Насамрэч, лічыць суразмоўца BPN, міністр “проста выконваў даручэнні Лукашэнкі па размарожванні стасункаў з Захадам”.

“У беларускай сістэме ўлады ўзаемадзеяннем з Расіяй МЗС не займаецца, гэта прэрагатыва іншых ведамстваў. Адсюль і стваралася ўражанне ў празаходнасці Макея”, — патлумачыў палітолаг.

Ацэньваючы дзейнасць кіраўніка знешнепалітычнага ведамства пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, Карбалевіч адзначыў, што ў гэты час “заходні вектар быў фактычна высечаны”, а МЗС “у нейкі момант увогуле апынуўся на задворках”.

“Было шмат каментароў, што час Макея заканчваецца і ён мусіць пайсці ў адстаўку. Дзіўна, але пасля пачатку пратэстаў ён змог пратрымацца [на пасадзе] больш за два гады”, — сказаў палітолаг.

Уладзімір Макей памёр 26 лістапада на 65-м годзе жыцця. Прычына смерці пакуль невядомая.

Падзяліцца: