be
Arrow
Мінск 02:05

Дэпутат бундэстага: Ірына Леўшына паказвае страх Лукашэнкі перад грамадзянскай супольнасцю, свабодай меркаванняў і СМІ

29 лістапада, BPN. “Ірына Леўшына сядзіць у турме за выказванне сваёй думкі ва ўмовах рэжыму, які не прымае вольныя думкі”. Такую заяву зрабіла дэпутат нямецкага бундэстага Мерле Шпелерберг з нагоды дня нараджэння (29 лістапада) галоўнага рэдактара і дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, якая адбывае чатырохгадовы турэмны тэрмін па абвінавачанні ў стварэнні “экстрэмісцкага фармавання”.

13 снежня мінулага года дэпутат бундэстага ад партыі “Саюз 90/Зялёныя” Шпелерберг у межах кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, ініцыяванай праваабарончай арганізацыяй Libereco (Германія — Швейцарыя), стала сімвалічнай хроснай Ірыны Леўшынай.

“Яе ўзяцце пад варту — прыклад парушэння правоў чалавека, якое ў Беларусі з’яўляецца звыклай з’явай”, — зазначаецца ў заяве дэпутата, якая паступіла ў BPN.

Шпелерберг запатрабавала неадкладнага вызвалення Леўшынай і іншых палітвязняў у Беларусі.

“Ірына, ты паказваеш страх Лукашэнкі перад гатовай абараняць сябе грамадзянскай супольнасцю, свабодай меркаванняў і прэсы, перад такімі мужнымі людзьмі, як ты. Мы з табой, Ірына!” — звярнулася да Леўшынай яе сімвалічная хросная.

Гл. таксама па тэме:

Ірына Леўшына: Самае складанае ў гомельскім СІЗА — адарванасць ад Мінска

Падзяліцца: