Мінск 16:22

Урад ФРГ падрыхтуе інструкцыі, якія мусяць спрасціць легалізацыю беларусаў — Вячорка

Фота: медыяцэнтр Еўрапарламента / B. MAINDIAUX

7 лістапада, Позірк. Урад Германіі неўзабаве падрыхтуе інструкцыю для міграцыйных агенцтваў і ведамстваў, якія, як чакаецца, спросцяць працэдуру легалізацыі беларусаў у гэтай краіне, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, гэтая тэма абмяркоўвалася 7 лістапада ў Берліне на сустрэчы беларускага палітыка з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы Ганнай Люрман (уваходзіць у структуру Міністэрства замежных спраў ФРГ).

Вячорка патлумачыў, што інструкцыі рэгламентуюць тое, “як выдаваць дакументы беларусам”, у тым ліку пашпарт замежніка. Гаворка таксама ідзе пра тое, “каб ад беларусаў не патрабавалі дакументаў, за якімі трэба вяртацца ў Беларусь”. Галоўны дарадца дэмлідара звярнуў увагу на тое, што ФРГ ужо прыняла рашэнне прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты.

Бакі, паводле яго слоў, таксама размаўлялі “пра тое, каб спрасціць працэдуру атрымання гуманітарных і звычайных віз — у Мінску і іншых сталіцах, дзе працуюць нямецкія консульствы і пражываюць беларусы”. “Ціханоўская папрасіла <…> павялічыць колькасць гуманітарных віз для беларусаў”, — адзначыў ён.

“Казалі пра падтрымку нацыянальнай ідэнтычнасці, культурных ініцыятыў і праектаў, беларускай дыяспары ў Германіі. <…> Абмеркавалі дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным медыя, — сказаў Вячорка. — Ціханоўская заклікала павялічыць падтрымку рэпрэсаваных, [магчымасць] рэабілітацыі былых палітвязняў. Ужо зараз Германія падтрымлівае такую праграму. Таксама абмяркоўвалі дапамогу для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне”.

Палітык заклікала Люрман “падтрымаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі, каб беларусы ведалі, што ЕС — альтэрнатыва “рускаму свету”. Яна паведаміла пра працу дэмсіл над праектамі новай Канстытуцыі і рэформ, у тым ліку ў сферы “зялёнай эканомікі”, каб “у будучым, калі пачнецца працэс перамен, Беларусь магла дапасавацца да еўрапейскіх стандартаў”. “Ціханоўская распавяла, што ўжо маецца праект “Зялёная Беларусь”, які ўключае шэраг рэформ у сферы эканомікі, экалогіі, энергетычнай бяспекі”, — адзначыў галоўны дарадца дэмлідара.

“Прагаварылі таксама пытанне санкцый, каб у іх не было выключэнняў і пралазаў, каб рэжым не мог зарабляць грошы ў абыход еўрапейскіх абмежаванняў. Пры гэтым каб не ўводзіліся абмежаванні для беларускіх грамадзян, захоўвалася свабода перамяшчэння, размяжоўваліся беларусы і рэжым”, — дадаў ён.

Паводле слоў Вячоркі, Ціханоўская падзякавала Германіі за “паслядоўную падтрымку дэмсіл”, а таксама за тое, што “Берлін адправіў у Мінск не амбасадара, а часовага паверанага”, і прапанавала “прызначыць спецпасланніка па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю, як гэта зрабілі Швецыя, Францыя, Польшча, Эстонія”.

Падзяліцца: