Мінск 16:32

Ціханоўская прапануе нямецкім уладам стварыць рабочую групу па вырашэнні праблем беларусаў у Германіі

Мітынг беларускай дыяспары ля Брадэнбургскай брамы ў Берліне, 7 лістапада 2023 года
Крыніца: старонка Святланы Ціханоўскай у сацыяльнай сетцы Х

8 лістапада, Позірк. Стварыць рабочую групу па вырашэнні праблем беларусаў у Германіі прапануе нямецкім уладам кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская. Пра свой намер палітык абвясціла ўвечары 7 лістапада на мітынгу беларускай дыяспары ля Брандэнбургскай брамы ў Берліне.

Галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што ў мітынгу ўдзельнічала каля 100 чалавек.

Стварэнне адпаведнай рабочай групы, на думку Ціханоўскай, дазволіць “хутка вырашаць праблемы, якія з’яўляюцца”.

“Заўтра (8 лістапада. — “Позірк”.) у міністэрстве ўнутраных спраў я падыму пытанне, што вельмі доўга трэба чакаць дакументаў на ВНЖ і на прытулак, — паведаміла яна. — У Міністэрстве замежных спраў сёння я падымала пытанне пашпартоў і легалізацыі беларусаў у Германіі. Я ведаю, што гэта закранула кожнага з вас. Мяне запэўнілі, што Германія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты, і зараз шукаюць магчымасць працягу тэрмінаў ВНЖ і выдачы пашпартоў замежніка. Гэтаксама я прасіла не патрабаваць ад беларусаў апастыль і даведкі аб несудзімасці — гэта нонсэнс. Спадзяюся, Германія пойдзе нам насустрач”. 

Паводле слоў палітыка, дэмсілы надалей працуюць над “пашпартам новай Беларусі”. “Як ён будзе працаваць ці хто яго прызнае”, канстатавала Ціханоўская, “пакуль яшчэ рана казаць”. “Калі будуць гатовыя ўзоры, мы разашлем іх усім урадам і толькі тады пачнем кампанію па іх прызнанні, і я буду прасіць вашай падтрымкі ў гэтым”, — звярнулася яна да прадстаўнікоў дыяспары.

Дэмлідар заклікала беларусаў Германіі далучацца да працы АПК, “народных амбасадаў”, удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду. Яна падкрэсліла, што беларусаў “будуць слухаць” толькі тады, калі яны будуць “гаварыць адным голасам”.

“Мне шкада, што тэму палітвязняў стала менш чуваць на міжнародным парадку дня. <…> Арышты становяцца нормай, і мы да іх пачынаем прывыкаць, — сказала Ціханоўская. — Таму я асабліва ўдзячная вам, што вы нагадваеце нямецкім палітыкам пра тых, хто за кратамі. Я ўдзячная прысутным тут прадстаўнікам Libereco за вашую кампанію ў падтрымку палітвязняў. Сёння падчас сустрэчы з парламенцкімі групамі тэма дапамогі палітвязням была цэнтральнай”.

“Таксама сёння падчас сустрэчы палітыкі казалі, што вельмі мала інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі. Я хацела б папрасіць вас, беларусаў Германіі, паспрыяць у гэтай справе: перакладайце навіны пра Беларусь на нямецкую, дасылайце дэпутатам інфармацыю, падказвайце ім, што яшчэ можна зрабіць. Таксама працуйце з журналістамі. Калі будзе больш інфармацыі ў прэсе, то і палітыкі будуць дзейнічаць больш рашуча”, — заклікала яна.

Тэма Беларусі, паводле слоў дэмлідара, мусіць гучаць паўсюль — на мітынгах і пікетах, сустрэчах з дэпутатамі, у выступах на канферэнцыях. “Рэгіструйцеся на публічныя падзеі самі ці ад сваіх арганізацый і задавайце палітыкам і экспертам пытанні пра Беларусь. Арганізоўвайце беларускія канцэрты, выставы”, — прапанавала кіраўніца АПК. 

Яна нагадала, што ў бундэстагу маецца “група сяброў дэмакратычнай Беларусі”, а 7 лістапада пачалаў працаваць міжнародны альянс адпаведных парламенцкіх груп, “у які ўвайшлі дэпутаты з 22 краін”. Паводле слоў Ціханоўскай, гэта “саюзнікі ў прасоўванні беларускага пытання”, але “ім трэба падказкі, што рабіць, і рэгулярная інфармацыя”.

“Парламентарыі вельмі цёпла ўспрынялі ідэю еўрапейскай будучыні для Беларусі. <…> На жаль, на працягу дзесяцігоддзяў Беларусь успрымалі як частку расійскай сферы ўплыву. Цяпер гэта мяняецца. Неўзабаве разам з беларускімі дэмакратычнымі сіламі мы запусцім кампанію за еўрапейскі выбар для Беларусі, і я прашу вас далучыцца. Гэта патрэбна таксама для таго, каб нас не клалі ў адзін кошык з Расіяй і не ўводзілі нікому не патрэбных банаў”, — паведаміла яна.

Кіраўніца АПК адзначыла, што “Берлінскі мур падаў хутка і неспадзявана”, беларусы ж “павінны быць гатовыя да такога павароту падзей” на сваёй радзіме.

“Калі адкрыецца новае вакно магчымасцяў, трэба быць гатовымі ім скарыстацца. Мець гатовыя палітычныя інстытуты. Мець падрыхтаваныя праекты рэформ і Канстытуцыі. Мець саюзнікаў і ўплыў на міжнароднай арэне. Прашу вас рыхтавацца да гэтага моманту, аб’ядноўвацца самім і ўцягваць у працу іншыя ініцыятывы”, — заклікала яна прадстаўнікоў дыяспары.

Падзяліцца: