Мінск 16:31

Ціханоўская прапанавала Германіі распачаць стратэгічны дыялог з дэмсіламі па аналогіі з ЗША

Пасяджэнне камітэта па замежных справах бундэстага з удзелам Святланы Ціханоўскай
Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

9 лістапада, Позірк. “Неўзабаве мы пачнём стратэгічны дыялог са Злучанымі Штатамі. Я прапаную аналагічны крок для Германіі. Гэта дазволіць нам рэгулярна мець зносіны і распрацоўваць стратэгіі, якія прынясуць дэмакратычныя змены ў Беларусь і падрыхтуюць яе да пераходнага перыяду”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 8 лістапада, выступаючы ў Берліне на слуханнях па Беларусі перад камітэтам па замежных справах бундэстага.

Ціханоўская заклікала Германію “працягваць цвёрда падтрымліваць дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі”. Палітык таксама адзначыла, што “рада бачыць”, як “беларуская тэма працягвае аб’ядноўваць парламентарыяў, нягледзячы на ўсе рознагалоссі”.

Гаворачы пра рэзалюцыю па Беларусі, Ціханоўская заклікала падтрымаць дакумент, што “дасць беларусам надзею, што іх чакаюць у Еўрасаюзе”. Рэзалюцыя была прынятая ў бундэстагу 8 лістапада.

“Нам патрэбныя магутныя дэмакратычныя інстытуты, каб скарыстацца момантам і вырваць Беларусь з кіпцюроў Расійскай імперыі. Для гэтага трэба спачатку выразна зразумець і падкрэсліць асновы: Беларусь — гэта не Расія. Беларусь — гэта Еўропа. Лукашэнка не прэзідэнт, ён не прадстаўляе беларусаў. І еўрапейская перспектыва — адзіная альтэрнатыва “рускаму свету” гвалту, тыраніі і несправядлівасці”, — сказала Ціханоўская.

Яна падзякавала нямецкім парламентарыям за падтрымку дэмакратычнай Беларусі і заклікала памятаць пра палітвязняў, адзначыўшы, што “кожны ліст, кожная заява, кожны твіт — <…> гэта ціск на рэжым”.

Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць “больш актыўнай пазіцыі па Беларусі”, якая ўключае больш эфектыўныя санкцыі “без шчылін”, а таксама вялікую дапамогу дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці.

“Нам трэба прыцягнуць рэжым да адказнасці за яго злачынствы. Мы просім урады звярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд з просьбай пачаць расследаванне злачынстваў Лукашэнкі. Калі МУС выдасць ордэр на арышт Лукашэнкі, гэта будзе вялікім ударам па рэжыме”, — перакананая дэмлідар.

Заклікаўшы знайсці “комплекснае рашэнне для беларусаў у выгнанні”, яна нагадала аб праекце “пашпарта новай Беларусі”.

8 лістапада Ціханоўская таксама выступіла ў Берліне на канферэнцыі маладых лідараў Еўропы, адзначыўшы, што “за сваё жаданне жыць у дэмакратыі мы плацім вялікі кошт”. Яна канстатавала, што сёння, калі “дэмакратыя падвяргаецца нападкам з боку тыранаў і тэрарыстаў, як ніколі важна аб’яднацца супраць сіл, якія хочуць падарваць нашы каштоўнасці”.

Гл. таксама:

Бундэстаг прыняў рэзалюцыю “За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і”

Падзяліцца: