Мінск 16:39

Камісія ПП НС абвінаваціла бундэстаг у “поўным неразуменні палітычных працэсаў у Беларусі”

Старшыня пастаяннай камісіі ПП НС па міжнародных справах Андрэй Савіных
Фота: ПП НС

16 лістапада, Позірк. Рэзалюцыя бундэстага па Беларусі “сведчыць аб поўным неразуменні ўнутрыпалітычных працэсаў у нашай краіне і дынамікі рэгіянальнай сітуацыі”, гаворыцца ў заяве пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах у сувязі з прыняццем нямецкім парламентам рэзалюцыі “За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і”.

На думку дэпутатаў, “афіцыйны Берлін упарта не жадае прызнаць, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца суверэннай дзяржавай і беларускі народ сам вызначае будучыню сваёй краіны”.

У выніку намаганні Берліна “зводзяцца да дэструктыўных заяў, накіраваных на падрыў дзяржаўнасці і суверэнітэту Беларусі, і з’яўляюцца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы”, лічыць камісія, ніяк не аргументуючы сваю пазіцыю.

Аўтарам заявы “прыемна, што не ўсе нямецкія парламентарыі падтрымліваюць такі падыход”. “За рэзалюцыю ў рэчаіснасці прагаласавалі толькі фракцыі партый кіруючай кааліцыі, якая, з нашага пункту гледжання, не абараняе інтарэсы нямецкіх грамадзян, а дзейнічае па ўказцы транснацыянальных знешніх сіл”, — гаворыцца ў дакуменце. Сцвярджаецца, што “ў бундэстагу і ў палітычных колах Германіі расце нязгода з гэтым пагібельным курсам, і гэтая тэндэнцыя набывае ўстойлівы і нарастаючы характар”. У чым гэта выяўляецца, камісія ПП НС не тлумачыць.

Заяву пулу дзяржаўных СМІ абвясціў старшыня камісіі, былы амбасадар у Турцыі і Іраку, былы прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, вядомы сваёй антызаходняй рыторыкай. На яго думку, тэкст рэзалюцыі змяшчае вялікую колькасць “галаслоўных тэзісаў”, якія носяць “суб’ектыўны, утрыраваны характар” і з’яўляюцца “мудрагелістым і бессістэмным змешваннем абвінавачанняў, эмоцый і дэкларацый”. “Мы прывыклі лічыць, што галоўнай якасцю нямецкага менталітэту з’яўляецца паслядоўнае, сістэмнае, лагічнае і рацыянальнае мысленне. У прадстаўленым дакуменце гэта абсалютна не праглядаецца”, — сказаў Савіных.

Ён назваў рэзалюцыю сфабрыкаванай, якая не адносіцца да сферы палітыкі і існуючых прынцыпаў міжнародных адносін.

Прапанаваная кіруючай кааліцыяй (сацыял-дэмакраты, “зялёныя”, свабодныя дэмакраты) рэзалюцыя “За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і” была ўхвалена 8 лістапада.

У дакуменце, прынятым галасамі кааліцыі, гаворыцца, што вызваленне беларускіх палітвязняў — найвышэйшы прыярытэт палітыкі бундэстага. Падкрэсліваецца, што большасць жыхароў Беларусі не падтрымлівае вайну: людзі арганізуюць “асобныя мужныя акцыі з мэтай сабатажу шляхоў забеспячэння расійскай арміі”, ва ўкраінскай арміі “ваюе шмат беларускіх добраахвотнікаў”, перакананых, што “без свабоднай Украіны не можа быць свабоднай Беларусі”.

Пры галасаванні ўстрымаліся апазіцыйныя фракцыі хрысціянскіх дэмакратаў і левых, супраць выказалася фракцыя правапапулісцкай партыі “Альтэрнатыва для Германіі”. ХДС/ХСС высунула на трэцяе чытанне сваю ўласную рэзалюцыю, якая была прапанавана яшчэ на пачатку года (“Вярнуць Беларусь у сям’ю еўрапейскіх народаў — падтрымаць імкненне людзей да свабоды”). Галасоў іншых фракцый яна ізноў не атрымала. “Альтэрнатыва для Германіі” беспаспяхова прапанавала ў парадак дня праект рэзалюцыі “Нямецкая палітыка ў дачыненні да Беларусі — вярнуцца да ўзважанасці і разумнага сэнсу”.

На дэбатах прысутнічала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. Яе віталі ўсе фракцыі, акрамя “АдГ”.

Падзяліцца: