Мінск 16:30

Літоўская мытня за тыдзень затрымала дзве кантрабандныя партыі беларускіх цыгарэт коштам па 2 млн еўра

Кантрабандныя беларускія цыгарэты. Фота: lrmuitine.lt

6 снежня, Позірк. Мытня Літвы 6 снежня паведаміла пра затрыманне 24 лістапада і 1 снежня дзвюх кантрабандных партый беларускіх цыгарэт коштам каля 2 млн еўра кожная. Груз спрабавалі правезці праз пункт пропуску Райгардас (з беларускага боку Прывалка).

“Дзякуючы рэнтгенаўскаму кантролю ў аўтацыстэрне, вадзіцель якой у дакументах дэклараваў, што яна пустая, былі знойдзены цыгарэты беларускіх марак”, — гаворыцца ў паведамленні мытні аб партыі, затрыманай 1 снежня.

Зазначаецца, што з 23 лістапада ажыццяўляецца дэталёвы надгляд (рэнтген, разгрузка, праверка канструкцый машын) усіх грузавых транспартных сродкаў, якія ўязджаюць з Беларусі.

Паводле папярэдніх звестак, 1 снежня знойдзена каля 900 каробак беларускіх цыгарэт NZ Gold і Minsk Superslims. Вадзіцель грузавога аўтамабіля “Сканія”, які іх перавозіў, быў затрыманы і дапытаны, а затым вызвалены пад залог (15 тыс. еўра). Літоўскі бок пачаў дасудовае расследаванне.

Мытня Літвы папярэджвае, што працягне бестэрміновы надгляд тавараў, што ўвозяцца, на памежных пастах, пры гэтым інтэнсіўнасць гэтай працы і фіксацыя выяўленых парушэнняў могуць прывесці да павелічэння чэргаў транспартных сродкаў на мяжы.

21 верасня на тым жа пункце пропуску быў затрыманы аналагічны груз, вартасць якога быў папярэдне ацэненая ў 3,7 млн еўра. Цыгарэты былі схаваныя пад мяшкамі са сланечнікавай макухай.

Падзяліцца: