Мінск 16:25

Lawtrend: З 2020 года ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.481 НКА

6 снежня, Позірк. За перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца лістапада 2023-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.481 некамерцыйнай арганізацыі (НКА) — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец кастрычніка было ліквідавана 1.457 НКА, верасня — 1.441, жніўня — 1.407, ліпеня — 1.372, чэрвеня — 1.337, траўня — 1.315, красавіка — 1.283, сакавіка — 1.249. Па заканчэнні снежня 2022 года налічвалася 1.173 закрытых некамерцыйных арганізацый, лістапада — 1.102, кастрычніка — 1.057, верасня — 1.020.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец лістапада не менш за 949 НКА знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі (931 — у канцы кастрычніка, 923 — верасня, 900 — жніўня, 880 — ліпеня, 854 — чэрвеня, 845 — траўня) з улікам пададзеных іскавых заяў аб прымусовай ліквідацыі ў суд, прымусовага выключэння з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькасць арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, таксама павялічваецца. На канец лістапада такіх было 532, кастрычніка — 526, верасня — 518, жніўня — 507, ліпеня — 492, чэрвеня — 483, траўня — 470, красавіка — 459, сакавіка — 470; снежня 2022-га — 416.

Адзначаецца, што рашэнне аб самаліквідацыі па-ранейшаму прымаецца ў асноўным з-за ціску на членаў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльных прававога асяроддзя і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне.

У новым дакладзе Lawtrend адзначае, што ўлада ў мэтах падаўлення грамадзянскай актыўнасці шырока выкарыстоўвае заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Не спыняецца практыка прызнання інфармацыйных прадуктаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, пашырэння пералікаў грамадзян, арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, прыцягнення да крымінальнай адказнасці грамадзян за нібыта фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (перавод ахвяраванняў у розныя фонды), арганізацыю і ўдзел у экстрэмісцкіх фарміраваннях.

Пры гэтым у шэрагу рэгіёнаў праводзіцца конкурс грамадзянскіх ініцыятыў, якія, адзначае Lawtrend, маглі б стаць добрай асновай для самаарганізацыі і самарэалізацыі грамадзян на мясцовым узроўні.

“У той жа час у сітуацыі масавых рэпрэсій, падаўлення грамадзянскай актыўнасці гэты механізм можа выступіць дадатковым інструментам для збору інфармацыі аб актывістах”, — адзначаюць праваабаронцы.

Яны таксама падкрэсліваюць, што любыя рухі і ініцыятывы павінны рэгістравацца ва ўстаноўленым парадку. Бо згодна з дзейным заканадаўствам, у Беларусі забароненая дзейнасць незарэгістраваных арганізацый і вернутая крымінальная адказнасць за арганізацыю і ўдзел у іх дзейнасці.

Падзяліцца: