Мінск 16:18

Форум “8+100” назваў выбары 2024 года ў Беларусі “імітацыяй, несумяшчальнай з дэмакратычнымі каштоўнасцямі”

Фота: "Позірк"

6 снежня, Позірк. Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя саветы, якія пройдуць 25 лютага 2024 года “без удзелу дэмакратычных палітычных партый”, з’яўляюцца “імітацыяй, несумяшчальнай дэмакратычнымі традыцыямі і каштоўнасцямі”, — такім чынам, яны не могуць лічыцца легітымнымі. Пра гэта заяўляецца ў рэзалюцыі, прынятай па выніках праведзенага ў Еўрапарламенце (Брусэль) 6 снежня міжпартыйнага форуму “8+100”.

У дакуменце, прадастаўленым Позірку дарадцам Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатолем Лябедзькам, форум асудзіў ліквідацыю ўладамі Беларусі “дэмакратычных палітычных партый”, назваўшы іх “законнымі палітычнымі суб’ектамі і партнёрамі Еўрапейскага саюза”. Аргкамітэты па стварэнні партый прызнаныя ў рэзалюцыі “добрай асновай для аднаўлення дэмакратычнай сістэмы Беларусі”.

Пацвярджаючы імкненне ліквідаваных палітычных рухаў “інтэгравацца ў сем’і брацкіх еўрапейскіх партый і іншыя структуры ЕС”, форум ухваліў “еўрапейскія памкненні дэмакратычнай Беларусі”.

Рэзалюцыя змяшчае заклік да Мінска “аднавіць дзейнасць ліквідаваных палітычных партый, незалежных прафсаюзаў, няўрадавых арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі”.

Падкрэсліваецца, што толькі “інстытуты дэмакратычнай Беларусі павінны правесці свабодныя і справядлівыя выбары ў прысутнасці міжнародных назіральнікаў”.

Форум таксама заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітычных зняволеных і падтрымаў стварэнне міжнароднага фонду для іх падтрымкі.

Беларусь на міжпартыйным форуме “8+100” прадстаўлялі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, Беларуская партыя “Зялёныя”, рух “За Свабоду” (ліквідаваныя ўладамі), аргкамітэты па стварэнні партый “Разам” (каманда прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітвязня Віктара Бабарыкі), “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, “Народная Грамада” (не былі зарэгістраваныя).

Пра намер удзельнічаць у форуме заяўлялі прадстаўнікі ста еўрапейскіх партый.

Падзяліцца: