Мінск 16:01

Хрэнін: У беларускім грамадстве няма месца нацыяналізму

Фота: Мінабароны

7 снежня, Позірк. У беларускім грамадстве “няма месца калабарацыяністам, праявам нацыяналізму і ксенафобіі”, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін на канферэнцыі, прымеркаванай да 75-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі ААН аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго 7 снежня ў Мінску.

Анлайн-трансляцыю мерапрыемства праводзіць Нацыянальны прэс-цэнтр.

“Многія цяперашнія кіраўнікі краін Захаду забыліся трагічныя ўрокі мінулага, забыліся на сваіх вялікіх суайчыннікаў, якія змагаліся з нацызмам”, — заявіў ён.

Паводле словаў Хрэніна, ЗША “разбураюць сістэму глабальнай бяспекі, ініцыююць каляровыя рэвалюцыі і ўзброеныя канфлікты на ўсіх кантынентах, груба ўмешваючыся ў справы незалежных дзяржаў”.

“Пячорная русафобія захліснула многія еўрапейскія краіны, якія пазіцыянавалі сябе як светачы дэмакратыі, — сказаў ён. — Нам, беларусам, вядома, горка бачыць тое, як асобныя народы, якія зведалі боль страты блізкіх, якія ўнеслі ўклад у разгром нацызму, сёння здраджваюць свайму мінуламу, каб дагадзіць імгненным выгодам з боку “моцных гэтага свету”.

На думку міністра, “усё выглядае так, як быццам не было ніколі прызнаных сусветнай супольнасцю вынікаў Другой сусветнай вайны”.

Падзяліцца: