Мінск 22:22

Галоўчанка прапанаваў В’етнаму “эфектыўныя і недарагія рашэнні” па развіццю перапрацоўкі адходаў

Ханой Фото: congthuong.vn

7 снежня, Позірк. “Прыгледзецца да беларускіх прапаноў па развіцці сістэмы перапрацоўкі адходаў” прапанаваў падчас візіту ў Ханой прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка старшыні Народнага камітэта гэтага горада Чан Шы Тханю.

Відэафрагменты з сустрэчы распаўсюдзіла прэс-служба ўрада Беларусі.

Галоўчанка заявіў, што беларускі бок прапануе “не проста перапрацоўку”, а атрыманне “другасных рэсурсаў, з якіх потым магчыма выпускаць новую прадукцыю: пластык, шкло, паперу і гэтак далей”.

“Вельмі цікавае рашэньне, якое мы хацелі б прапанаваць: гэта праект па перапрацоўцы шын. Мы ведаем, што гэта значная праблема ў В’етнаме ў сувязі з вялікай колькасцю аўтамабіляў. Мы гатовы прапанаваць вельмі эфектыўныя і, самае галоўнае, недарагія тэхналогіі і рашэнні”, — заявіў прэм’ер.

Галоўчанка таксама заявіў аб жаданні Беларусі “прадоўжыць удзел у праграме паставак пасажырскага транспарту ў Ханой”.

“Вядома ж, гэтыя кірункі патрабуюць далейшай прапрацоўкі. Я назваў толькі некаторыя з патэнцыйных сумесных праектаў, тут мы павінны ў першую чаргу арыентавацца на вашыя патрэбы і на ваша бачанне таго, дзе мы можам паспяхова супрацоўнічаць”, — рэзюмаваў кіраўнік урада.

Пасля сустрэчы Галоўчанкі з Чан Шы Тханем прайшла цырымонія падпісання Праграмы супрацоўніцтва паміж Мінскам і Ханой на 2024–2026 гады.

“Я перакананы, што пастаяннае ўзаемадзеянне паміж нашымі сталіцамі, перш за ўсё іх дзелавых і навуковых супольнасцяў, стане лакаматывам міжрэгіянальнага беларуска-в’етнамскага супрацоўніцтва”, — заявіў кіраўнік урада.

29 лістапада Аляксандр Лукашэнка ўказам № 383 адобрыў у якасці “асновы для правядзення перагавораў” праект міжурадавага пагаднення Беларусі і В’етнама аб узаемнай адмене ўязных віз.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і В’етнамам устаноўлены 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворана ў пасольства ў снежні 1997 года, в’етнамская дыпмісія ў Мінску адкрылася ў канцы 2003-га.

Паводле звестак МЗС Беларусі, тавараабарот з В’етнамам у 2021 годзе склаў 200,3 млн долараў (беларускі экспарт — 92,9 млн, в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн, адмоўнае сальда — 14,5 млн). Актуальных звестак у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: