Мінск 04:48

Латушка прапануе заключыць пагадненне паміж беларускімі дэмсіламі і Еўрапарламентам (абноўлена)

Фота: Euronews

21 снежня, Позірк. Магчымасць заключэння пагаднення паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Еўрапарламентам абіеркаваў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка падчас сустрэчы з членамі групы Еўрапарламента ЕП па ўзаемадзеянні з Беларуссю ў Варшаве. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал АПК.

Таксама гаворка ішла аб магчымасці стварэння прадстаўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Еўранэст (міжпарламенцкая ўстанова, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў ЕП і парламентаў краін — удзельніц “Усходняга партнёрства”. — “Позірк”.).

Было заяўлена, што ЕП будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі і беларускае грамадства, “якое вядзе складаную барацьбу за свабоду, дэмакратыю і незалежнасць сваёй краіны”.

Латушка падзякаваў еўрапейскім парламентарыям за ініцаванне і прыняцце ў перыяд з 2020 года дзевяці рэзалюцый ЕП, прысвечаных Беларусі, уключаючы апошнюю на сённяшня рэзалюцыю ад 13 снежня 2023 года, прысвечаную палітзняволеным у Беларусі і рэпрэсіям у дачыненні да членаў сем’яў беларускіх палітыкаў і актывістаў.

На яго думку, гэтыя рэзалюцыі спрыялі рэальнай ацэнцы сітуацыі ў Беларусі і ўзмацненню ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама прыняццю адпаведных рашэнняў на ўзроўні Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, а таксама нацыянальнымі ўрадамі і міністэрствамі замежных спраў краін — членаў Еўрасаюза.

У сустрэчы прынялі ўдзел дэпутаты Вальдэмар Тамашэўскі, Мартан Дзёндзьёсі, Яніна Ахойска, а таксама прадстаўнікі генеральнага дырэктарата ЕП па ўзаемадзеянні з краінамі Усходняга партнёрства, прадстаўніцтва Еўрапарламента ў Польшчы, беларускія палітолагі і сацыёлагі, а прадстаўнікі палітычных партый Беларусі, няўрадавых арганізацый.

Абнаўленне.

З прадстаўнікамі групы ЕП 21 снежня сустрэўся міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, паведамляе прэс-служба польскага ведамства.

“Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі намаганні Польшчы па захаванні беларускага пытання ў міжнародным парадку дня, а таксама па падтрымцы прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных колаў у выгнанні і сябраў беларускай грамадзянскай супольнасці ў краіне. Была звернута ўвага на дзеянні польскіх дыпламатычных службаў па вызваленні Анджэя Пачобута, які знаходзіцца ў турме ўжо 1 тыс. дзён”, — гаворыцца ў рэлізе.

Таксама гаворка ішла аб “актывізацыі дзейнасці па вызваленні беларускіх палітвязняў і падтрымцы іх сем’яў, каб не дапусціць далейшага пашырэння сферы ўплыву Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Беларусі”.

Падзяліцца: