Мінск 20:46

У школах Беларусі з’явяцца факультатывы па ваенным перакладзе, хатняй кулінарыі і школе мод

Крыніца: pixabay.com

16 студзеня, Позірк. У школах Беларусі з’явяцца факультатывы па ваенным перакладзе, дамашняй кулінарыі і школе мод, вынікае з пастановы Мінадукацыі № 313, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Ведамства зацвердзіла праграму трох факультатываў, у іх рамках навучэнцаў ва “ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання” будуць навучаць кулінарыі з 5 па 11 клас, модзе — у 8 і 9 класах, ваенным перакладзе — з 10 па 11 клас.

У рамках факультатыва па ваенным перакладзе засяродзяцца на вывучэнні англійскай мовы, будуць вывучаць структуру Узброеных сіл Вялікабрытаніі і ЗША, рэгулярных войскаў і рэзервовых фарміраванняў, родаў войскаў і службы названых армій.

Школьнікі азнаёмяцца з тэмай допыту ваеннапалонных, навучацца чытаць і расшыфроўваць ваенна-тапаграфічныя карты, састаўляць загады і іншыя баявыя дакументы (данясенні, зводкі).

Мілітарызацыю як адну са значных праблем беларускай сістэмы адукацыі адзначыла ў каментары “Позірку” эксперт Святлана Мацкевіч. Яна мяркуе, што ў 2024 годзе “ўмоўная стабільнасць, пры якой уся сістэма адукацыі накрыта каўпаком ідэалагізацыі і мілітарызацыі, захаваецца”.

У ліпені мінулага года ў заяве камісіі па адукацыі Каардынацыйнай рады па выхадзе з палітычнага крызісу адзначалася “мілітарызацыя, ідэалагізацыя, жорсткая палітычная цэнзура, якія нарастаюць”, ў школьнай адукацыі.

З мінулага навучальнага года па ініцыятыве Генпракуратуры беларускія школьнікі вучацца па падручніку “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. У верасні 2023 года з’явіліся дапаможнікі асобна для 1-4-х класаў, 5-9-х класаў і 10-11-х класаў.

У 4-м класе (дзеці ва ўзросце 10 гадоў) па праграме прадмета “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь” вывучаецца тэма “Трагедыя беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гістарычная памяць аб гібелі жыхароў беларускай вёскі Хатынь і дзецях — ахвярах вайны”.

У навучальную праграму 11-га класа ўключаны пытанні “аб злачынствах польскіх, украінскіх, літоўскіх і латышскіх нацыяналістаў супраць мірнага насельніцтва Беларусі, аб удзеле беларускіх калабарацыяністаў у рэалізацыі акупацыйнай палітыкі германскіх нацыстаў на тэрыторыі нашай краіны”.

Мінадукацыі ў 2022 годзе абавязала школы ўладкаваць музеі ці музейныя пакоі на тэму генацыду. Паводле звестак Генпракуратуры, ужо дзейнічае больш за 2.500 адпаведных музейных экспазіцый у школах, якіх у краіне 2.901.

Падзяліцца: