Мінск 03:33

Лукашэнка: Абмеркавалі з Пуціным, як далей развівацца “з улікам горкага досведу СВА”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

28 студзеня, Позірк. “Мы вельмі сур’ёзна пагрузіліся ў эканоміку і пытанні вайскова-прамысловых комплексаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

“Мы нічога не хаваем. Мы абмяркоўвалі многія праблемы, думалі пра тое, як далей развівацца, і якія сістэмы мы будзем развіваць з улікам гэтага горкага досведу спецыяльнай ваеннай аперацыі (тэрмінам СВА расійскія і беларускія ўлады называюць вайну, якую РФ пры падтрымцы Мінска вядзе супраць Украіны. — Позірк.)”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго слоў, падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы бакі “паспрабуюць зазірнуць далей, як развіваць супрацоўніцтва Беларусі і Расіі”.

“Заўтра ў нас такі дзень, калі мы ў рамках Вышэйшага дзяржсавета фармалізуем многія нашы рухі. Я думаю, што правядзем годна гэты Вышэйшы дзяржсавет на самым высокім узроўні”, — сказаў Лукашэнка.

Таксама размова пойдзе пра перспектывы, дадаў ён: “Абмяркуем саюзныя нашы праграмы, як яны рэалізуюцца. Даволі паспяхова, мы вельмі шмат зрабілі. Паспрабуем зазірнуць і далей, як будзем развівацца. Вялікі дзякуй вам за ўсё тое, што зроблена”.

“У ранейшыя часы”, калі Беларусь і Расію “не так душылі”, ВДС і двухбаковыя перамовы “заўсёды былі напоўнены абмеркаваннем нейкіх пытанняў, якія трэба было б развязаць на ўзроўні ўрадаў”, адзначыў Лукашэнка. “Сёння яны вырашаюцца ўрадамі. Ну а шліфануць парадак дня — наша з вамі святая справа. Я вельмі рады і задаволены нашай сустрэчай. Заўсёды гатовы прыехаць у любое месца ў Расіі. Ёсць што паглядзець, ёсць пра што пагаварыць”, — удакладніў ён.

Успомніўшы “мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Ленінграда (назва горада ў 1924–1991 гадах. — Позірк“.) ад фашысцкай блакады”, якія прайшлі 27 студзеня, Лукашэнка, звяртаючыся да Пуціна, адзначыў: “Ну так, неяк мы з вамі адчулі, што нядрэнна было б, каб побач стаяў нехта з Украіны. Усё ж такі тры славянскія народы пацярпелі. Але гэта іх выбар. Што рабіць, у іх іншы курс… Але, думаю, што яны вернуцца да нас. Дзявацца няма куды”.

“Я падумаў: якая краіна магла б даць такія магчымасці такой краіне, як Беларусь? — сказаў Лукашэнка. — Бо мы ў Расіі па вялікім рахунку не бачым ніякіх праблем. Калі ў Расіі ёсць, а ў Расіі шмат чаго ёсць, — калі ласка, прыходзьце, працуйце, давайце разам, бярыце, зарабляйце, дзейнічайце. Ніводная краіна не здольная была б так ставіцца, як вы ставіцеся да Беларусі”.

Лукашэнка задаўся пытаннем, “а што перашкаджала Украіне, балтыйскім краінам так працаваць з намі?” І адказаў: “Гэта наш свет, мы яго выбудоўвалі некалькі дзесяцігоддзяў, мы разам перамаглі ў гэтай страшнай вайне — давайце рухацца ў гэтым кірунку. Не, не хочацца, шукаюць за морамі лепшага жыцця”.

Пуцін у сваю чаргу заявіў, што супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі “развіваюцца вельмі энергічна”.

“За першыя 10 месяцаў мінулага года ў нас тавараабарот [склаў], паводле нашых дадзеных, 42,5 млрд долараў, <…>, ён расце пастаянна. Расія з’яўляецца найбуйнейшым інвестарам: 4 млрд долараў нашы інвестары ўклалі ў эканоміку Беларусі. А гэтая праца ідзе ў двухбаковым рэжыме: і нашы прадпрыемствы, наш бізнес працуе ў Беларусі, і беларускія нашы сябры ўсё больш актыўна і больш актыўна асвойваюць расійскі рынак, больш актыўна і больш актыўна тут працуюць”, — цытуе прэзідэнта РФ крамлёўская прэс-служба.

Пуцін звярнуў увагу “не толькі прамысловую кааперацыю”, але і на “сельскую гаспадарку, навуку, адукацыю, культурную сферу”, падкрэсліўшы, што “ўсё хуткімі, добрымі тэмпамі расце”.

Ён паведаміў аб жаданні абмеркаваць з Лукашэнкам “сёння ўвечары, не спяшаючыся”, пытанні ўзаемадзеяння ў рамках СНД, АДКБ і ЕАЭС. “У нас тут таксама вялікі комплекс работы сумеснай”, — сказаў расійскі прэзідэнт.

Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што перад двухбаковымі перамовамі ён і Пуцін у анлайн-фармаце “прынялі ўдзел у мерапрыемстве па ўводу ў доследную эксплуатацыю новага зімавальнага комплексу на станцыі “Усход” у Антарктыдзе і разам наведалі ў Санкт-Пецярбургу найбуйнейшы хакейны стадыён у свеце — нядаўна збудаваную “СКА-Арэну”.

Лукашэнка знаходзіцца з візітам у Санкт-Пецярбургу з 27 студзеня. 29 студзеня пройдзе пасяджэнне ВДС.

22 студзеня на сустрэчы з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы, былым паслом РФ у Мінску Дзмітрыем Мезенцавым Лукашэнка заявіў, што размова на ВДС аб саюзных праграмах будзе “сур’ёзнай, прынцыповай”.

Падзяліцца: