Мінск 23:06

ЗША заявілі аб непрызнанні парламенцкіх выбараў у Беларусі (дапоўнена)

25 лютага, Позірк. Злучаныя Штаты асуджаюць праведзеныя рэжымам Лукашэнкі фіктыўныя парламенцкія і мясцовыя выбары, заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента Мэцью Мілер.

Паводле яго слоў, выбары прайшлі ў атмасферы страху, у якой ніводную выбарчую працэдуру нельга было назваць дэмакратычнай. “Рэжым па-ранейшаму трымае больш за 1.400 палітвязняў. Усе незалежныя палітычныя дзеячы альбо затрыманыя, альбо выгнаныя. Усім незалежным палітычным партыям было адмоўлена ў рэгістрацыі. Беларусы за мяжой маглі галасаваць толькі ў тым выпадку, калі яны вернуцца ў Мінск, дзе яны, верагодна, зведалі б рэпрэсіі”, — адзначыў Мілер, заява якога размешчана на сайце знешнепалітычнага ведамства ЗША.

Гэтыя злоўжыванні, падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента, фактычна замарозілі сапраўдную палітычную дзейнасць і дыскурс унутры Беларусі. “Рэжым не дазволіў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе назіраць за выбарамі, што яшчэ больш абмежавала празрыстасць, якая неабходна для свабодных і справядлівых выбараў”, — канстатаваў Мілер.

Ён падкрэсліў, што ЗША “прызнаюць сілу, стойкасць і мужнасць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага руху Беларусі, якія патрабуюць голасу пры вызначэнні будучыні сваёй краіны”. Злучаныя Штаты “зноў заклікаюць рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязняў і пачаць дыялог з палітычнымі апанентамі”. “Беларускі народ заслугоўвае лепшага”, — заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента.

Выбары адбыліся 25 лютага, датэрміновае галасаванне было арганізавана з 20 па 24 лютага. Паводле сцвярджэння Цэнтральнай выбарчай камісіі, за гэтыя пяць дзён прагаласавала 41,71% выбаршчыкаў (новы рэкорд датэрміновага галасавання на выбарах).

Да ўдзелу былі дапушчаныя толькі праўладныя кандыдаты.

Падзяліцца: