Мінск 08:44

У затрыманых грамадзян Латвіі не выяўлена наркотыкаў, яны вызваленыя і пакінулі Беларусь

Крыніца: pixabay.com

12 жніўня, Позірк. У затрыманых 26 ліпеня грамадзян Латвіі не выяўлена “наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў і прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Рэспубліцы Беларусь”, заявіў у праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1” намеснік начальніка ўпраўлення спецыяльных экспертыз упраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці Юрый Казлоў.

Як адзначаецца ў праграме, латвійскія грамадзяне вызваленыя і ўжо вярнуліся на радзіму.

Паведамляецца, што пасля затрымання яны спачатку знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання, а затым “пад падпіскай аб нявыездзе ў адной з гасцініц”.

Пра затрыманне ў Беларусі чацвярых маладых людзей з Латвіі, у машыне якіх была нібыта выяўленая марыхуана, паведаміў 29 ліпеня партал Delfi са спасылкай на агенцтва LETA.

У сувязі з інцыдэнтам МЗС Латвіі, як і раней, рэкамендавала сваім грамадзянам устрымацца ад паездак у Беларусь.

На думку ведамства, падарожнікі могуць падвергнуцца правакацыям з боку беларускіх службаў, быць ілжыва абвінавачаныя ў парушэнні беларускага заканадаўства і арыштаваныя. Магчымасці Латвіі па аказанні дапамогі такім людзям “вельмі абмежаваныя”, гаварылася ў публікацыі.

Міністэрства таксама заклікала не здзяйсняць паездак у РФ.

Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, з відэазапісаў у сацсетках вынікала, што затрыманне адбылося ў Браславе (Віцебская вобласць) на штогадовым музычным фестывалі Viva Braslav (прайшоў 26–28 ліпеня).

Пра тое, што сёлета ў Беларусі і Расіі было затрымана некалькі дзясяткаў грамадзян Латвіі, паведаміла міністр замежных спраў гэтай краіны Байба Бражэ 4 ліпеня.

Паводле звестак МЗС Латвіі на канец кастрычніка 2023 года, у Беларусі “арыштавалі і выставілі розныя абвінавачванні” 25 грамадзянам Латвіі. Большасць выпадкаў палітычна матываваная.

Раней з’явілася інфармацыя пра 18 турыстаў з Латвіі, якіх затрымалі ў Беларусі з красавіка 2022 года.

У 2022–2023 гадах контрвыведка Камітэта дзяржбяспекі затрымала 16 замежнікаў, заявіў старшыня КДБ Іван Церцель 20 лютага на пашыранай нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіруючым складам сілавых органаў.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы.

19 верасня 2023 года праз узрослы паток нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: