Мінск 20:02

Паўднёвая Карэя афіцыйна пашырыла пералік абмежаванняў на экспарт у Беларусь і РФ

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com

9 верасня, Позірк. Папраўка да пастановы Міністэрства гандлю, прамысловасці і энергетыкі Паўднёвай Карэі пра імпарт і экспарт стратэгічных тавараў, якая пашырае пералік экспартных абмежаванняў адносна Беларусі і РФ, набыла моц 9 верасня, вынікае з паведамлення згаданага ведамства.

Пра далейшае пашырэнне спісу міністэрства папярэджвала яшчэ 28 чэрвеня.

У пералік дадалі 243 пазіцыі, сярод якіх металарэжучыя станкі, розныя дэталі машын, часткі аптычнага абсталявання, а таксама датчыкі, “якія з высокай верагоднасцю будуць выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах”.

Экспарт прадукцыі са спіса забаронены, аднак прадугледжаныя выключэнні. Аднаразовае ліцэнзаванне магчыма, напрыклад, калі гаворка ідзе пра кантракты, заключаныя да ўвядзення экспартнага кантролю, або пастаўкі паўднёвакарэйскім даччыным кампаніям.

Агульная колькасць тавараў, пастаўкі якіх у Беларусь і РФ падлягаюць рэгуляванню, дасягнула 1.402.

Раней Паўднёвая Карэя забараніла экспарт цяжкай будаўнічай тэхнікі, акумулятарных батарэй, дэталяў для самалётаў ды інш.

Падзяліцца: