Мінск 17:28

Мінск і Пхеньян хутка чакае “значны прагрэс” у эканамічнай супрацы, лічыць Лукашэнка

Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын
Архіўнае фота: Генеральнае консульства КНДР ва Уладзівастоку

9 верасня, Позірк. Народ Паўночнай Карэі на працягу сваёй гісторыі “шматразова даказваў непахіснасць калектыўнай волі і імкненне да самастойнасці”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 9 верасня кіраўніка Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) Кім Чэн Ына з Днём утварэння КНДР.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія прыводзіць яго прэс-служба, “увесь свет з’яўляецца сведкам” таго, як КНДР “з гонарам ідзе па шляху незалежнага развіцця”.

Мінск і Пхеньян, лічыць ён, “хутка дасягнуць значнага прагрэсу ў наладжванні практычнага ўзаемадзеяння ў такіх галінах, як сельская гаспадарка, медыцына і фармацэўтыка, адукацыя”.

Беларускія ўлады каля года таму сталі актыўна заяўляць пра свой інтарэс да Паўночнай Карэі — закрытай дзяржавы з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета Бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы.

На перамовах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 15 верасня 2023 года ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаванне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б “падумаць пра супрацу недзе на траіх”.

18 студзеня 2024 года Сяргей Алейнік, які на той момант займаў пасаду кіраўніка МЗС, абмеркаваў “паглыбленне супрацы” з намеснікам міністра замежных спраў Паўночнай Карэі Кімам Сонгам Жыёнгам. Сустрэча адбылася на палях саміту Руху Недалучэння ў Кампале (Уганда).

У красавіку 2024 года ў рамках “планавых палітычных кансультацый” паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін Пхеньян наведваў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў.

23–25 ліпеня КНДР наведаў цяперашні міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Па выніках візіту ён заявіў, што Паўночная Карэя — “краіна вельмі цікавая, і канкрэтны прыклад, як працуюць фейкі, якія навязваюцца праз нейкія інфармацыйныя рэсурсы міжнароднай супольнасці”.

“Будоўля ідзе па ўсіх тых гарадах, якія мы праляталі ці праязджалі. Пхеньян — вельмі чысты, добры, акуратны горад. Толькі што няма вялізных маёнткаў такіх за кальцавой, як у нас бывае”, — адзначыў Рыжанкоў.

Падзяліцца: