Мінск 19:23

Lawtrend: З 2020 года ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.777 НКА

Скрыншот: рэсурсы Lawtrend

9 верасня, Позірк. За перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца жніўня 2024-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.777 некамерцыйных арганізацый (НКА) — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый, гаворыцца ў аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец ліпеня было ліквідавана не менш як 1.742 НКА, чэрвеня — 1.696, траўня — 1.665, красавіка — 1.622, сакавіка — 1.601, лютага — 1.563, студзеня — 1.533, снежня 2023-га — 1.509. На канец снежня 2022 года налічвалася 1.173 закрытыя некамерцыйныя арганізацыі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец жніўня не менш як 1.116 НКА знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі (1.086 — напрыканцы ліпеня, 1.061 — чэрвеня, 1.033 — траўня, 1.003 — красавіка, 997 — сакавіка, 981 — лютага, 969 — студзеня, 960 — снежня 2023-га) з улікам пададзеных у суд іскаў, прымусовага выключэння з Адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькасць арганізацый, якія прынялі рашэнне пра самастойную ліквідацыю, павялічылася. На канец мінулага месяца такіх было 661, ліпеня — 656, чэрвеня — 635, траўня — 632, красавіка — 619, сакавіка — 604, лютага — 582, снежня 2023-га — 564, снежня 2022-га — 416.

Lawtrend адзначае, што зарэгістраваныя ў Беларусі НКА працягваюць падвяргацца праверкам, на іх адрас выносяцца пісьмовыя папярэджанні. Так, паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінаблвыканкама, у першым паўгоддзі 2024-га праверана дзейнасць 55 НКА. Усяго абласным падраздзяленнем зарэгістравана 112 грамадскіх аб’яднанняў, 19 фондаў (з іх 8 знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі).

Праваабаронцы адзначаюць, што ў дачыненні да НКА рэгулярна з’яўляюцца дыскрэдытуючыя матэрыялы ў СМІ. Пры гэтым “усё больш актыўна папулярызуецца дзейнасць “добрай грамадзянскай супольнасці”, у першую чаргу ярка выяўленай прадзяржаўнай”. Улада “дзеліць грамадзянскую супольнасць на дрэнную — заходнюю і добрую — беларускую”, канстатуе Lawtrend.

Упершыню быў вынесены вырак паводле арт. 1931 (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці) пасля таго, як гэты артыкул у 2022 годзе вярнулі ў Крымінальны кодэкс.

2 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд завочна прызнаў вінаватай былога дырэктара ліквідаванага ўладамі Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольгу Вялічка паводле сямі крымінальных артыкулах (у тым ліку паподле арт. 1931), прыгаварыў да 9 гадоў пазбаўлення волі і пастанавіў спагнаць штраф у памеры 300 базавых велічынь (12 тыс. рублёў).

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што 8 жніўня Аляксандр Лукашэнка ўнёс у парламент праект закона “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці”. Праект прадугледжвае перагляд санкцый у дачыненні да 97 складаў злачынстваў. Сярод іншага прапануецца адкарэктаваць арт. 3692 КК, які прадугледжвае адказнасць за парушэнні ў галіне замежнай бязвыплатнай дапамогі.

Такім чынам, праект закона скіраваны на пашырэнне сферы прымянення крымінальнага пакарання ў дачыненні да магчымых парушэнняў з боку атрымальнікаў замежнай дапамогі, адзначае Lawtrend.

Падзяліцца: