Мінск 18:11

Пасля апублікавання інфармацыі аб кібератаках у Польшчы НАУ паведаміла, што таксама зведала іх

9 верасня, Позірк. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) было адной з ахвяр кібер- і інфармацыйных нападаў з боку “злачыннай групы з удзелам беларусаў” у Польшчы, паведаміла прэс-служба арганізацыі.

Адзначаецца, што 26 ліпеня, пасля таго як кіраўнік НАУ Павел Латушка даў паказанні ў якасці пацярпелага ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы па крымінальнай справе “аб падбухторванні ўстаноўленай асобы да забойства, якое ажыццяўлялася асобай, датычнай да дзейнасці замежнай выведкі”, некалькім прадстаўнікам арганізацыі “патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам Нацыянальнай пракуратуры Польшчы”.

“Той, хто тэлефанаваў, гаварыў па-польску, але з усходнееўрапейскім акцэнтам”, — гаворыцца ў рэлізе.

Пасля “было ўстаноўлена, што сярод супрацоўнікаў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы такога супрацоўніка не значыцца і ніхто з работнікаў пракуратуры не ажыццяўляў званкоў супрацоўнікам НАУ”.

Пры гэтым, як адзначаюць у арганізацыі, званкі былі здзейсненыя з нумара аднаго з дэпартаментаў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, што дазваляе выказаць здагадку, што “хтосьці са спецслужбаў Беларусі ці Расеі змог падлучыцца да тэлефоннага нумара пракуратуры”.

Пра сітуацыю каманда НАУ праінфармавала нацыянальную пракуратуру Польшчы.

“Акрамя таго, напярэдадні званкоў з “пракуратуры” трэція асобы спрабавалі атрымаць асабістыя звесткі супрацоўнікаў НАУ праз адну з дзяржаўных паслуг захоўвання інфармацыі ў Польшчы. У апошні тыдзень сайт Народнага антыкрызіснага ўпраўлення таксама сутыкнуўся з беспрэцэдэнтнай масіраванай кібератакай, мэтай якой з’яўлялася поўнае спыненне яго функцыянавання. У выніку наш сайт на некаторы час прыпыніў сваю працу, але цяпер функцыянуе ў штатным рэжыме”, — паведаміла арганізацыя.

Латушка заявіў, што “дыверсанты спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі і Расіі, якія ажыццяўляюць кібератакі на Польшчу і аб нейтралізацыі якіх сёння абвешчана, дзейнічаюць на палітычную замову дыктатара Лукашэнкі”.

9 верасня віцэ-прэм’ер-міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў, што ў Польшчы спыненая дзейнасць злачыннай групы з удзелам беларусаў, якая вымагала звесткі, каб “выклікаць параліч у палітычнай, вайсковай і эканамічнай сферах дзяржавы”.

Паводле слоў чыноўніка, за дзеяннямі групы стаялі беларускія і расійскія службы, якія дамагаліся канкрэтнай мэты — “вымагальніцтва інфармацыі, індывідуальнага і інстытуцыйнага шантажу”, “дэ-факта вядзення кібервайны”, заявіў міністр на прэс-канферэнцыі.

24 ліпеня Латушка даў паказанні ў якасці пацярпелага ў Дэпартаменце па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ў Лодзі.

Як стала тады вядома “Позірку” з дакумента, які паступіў у распараджэнне рэдакцыі, справа была ўзбуджаная па артыкулах аб “падбухторванні да забойства” і “дзейнасці замежных спецслужбаў”.

“Паводле неафіцыйнай інфармацыі з сілавых структур Польшчы, якой я валодаю, з пачатку года было папярэджана дзве пагрозы ў дачыненні да мяне на польскай тэрыторыі”, — заявіў тады ў каментары “Позірку” Латушка.

Падзяліцца: