Мінск 09:05

“Вясна”: З пачатку года больш за 55 чалавек затрымана пры вяртанні ў Беларусь

Ілюстрацыйнае фота: gpk.gov.by

13 верасня, Позірк. Больш за 55 чалавек затрымана пры вяртанні ў Беларусь з пачатку 2024 года, у дачыненні да 17 з іх былі распачатыя крымінальныя справы, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабаронцы адзначаюць, што лічба затрыманых можа быць большая.

Нагодамі для затрымання могуць стаць падпіска на незалежныя СМІ, фатаграфіі з пратэстаў, нацыянальная сімволіка і нават штампы ў пашпарце аб візітах ва Украіну, гаворыцца ў рэлізе.

Суды над затрыманымі на мяжы Беларусі з ЕС “праходзяць штомесяц”, адзначылі праваабаронцы, часцей за ўсё — у Брэсце (верагодна, гаворка аб адміністрацыйных артыкулах. — “Позірк”.).

У прыватнасці, 30 жніўня пасля вяртання ў краіну затрыманая Кацярына Быстракова. У яе тэлефоне сілавікі выявілі “доказы ўдзелу ў пратэсце”, адзначаюць праваабаронцы.

У ліпені паведамлялася аб затрыманні стваральніцы чата “Беларусы Tarnogaj” (раён ва Уроцлаве), якая вярнулася з Польшчы, адміністратара чатаў “Беларусы ў Партугаліі” і “Беларусы на Мадэйры” Дзмітрыя Гярко, у траўні — аб затрыманні жанчыны, якая адміністравала чат дыяспары “Беларусы ў Турцыі”.

Праваабаронцы нагадваюць, што для людзей, якія ўдзельнічалі ў паслявыбарчых пратэстах у 2020 годзе, ахвяравалі беларускім ініцыятывам або арганізацыям, пакідалі каментары ў інтэрнэце, падтрымлівалі палітвязняў, вяртацца ў Беларусь небяспечна.

Падзяліцца: