Мінск 17:41

АДКБ стварае пагрозы бяспецы і існаванню Арменіі, заявіў Пашынян

Ерэван
Ілюстрацыйнае фота: Лявон Варданян / unsplash.com

18 верасня, Позірк. Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) стварае “пагрозы бяспецы” Арменіі, яе “будучаму існаванню, суверэнітэту і дзяржаўнасці”, заявіў прэм’ер-міністр краіны Нікол Пашынян 18 верасня ў Ерэване на II Сусветным армянскім саміце.

Паводле інфармацыі інфармагенцтва “Арменпрэс”, гэта разам з тым, што “АДКБ не выконвае свае абавязацельствы па бяспецы ў дачыненні да Арменіі”, прывяло да замарозкі Ерэванам свайго членства ў ваенна-палітычным блоку.

Пашынян падкрэсліў, што членства краіны ў арганізацыі будзе адноўленае, калі на зададзеныя Арменіяй пытанні “будуць дадзеныя вычарпальныя адказы”.

“Прайшло роўна два гады з таго часу, як мы зрабілі гэтыя акцэнтаванні, і адказы не толькі не прагучалі, але ўжо відавочна, што яны не прагучаць, — сказаў кіраўнік армянскага ўрада. — Нават калі гэта не відавочна, магу сказаць, што да таго часу, пакуль гэтыя адказы не будуць пачутыя, Рэспубліка Арменія з кожнай хвілінай і кожнай секундай будзе аддаляцца ад АДКБ усё далей і далей. Існуе такі выраз — “пункт невяртання”, і калі мы яго не прайшлі, то маецца вялікая верагоднасць, што мы гэты пункт пройдзем. І ні ў кога не будзе законнай нагоды і падстаў абвінаваціць нас у гэтым”.

Генеральны сакратар арганізацыі Імангалі Тасмагамбетаў у апублікаваным 18 верасня інтэрв’ю медыя “Саюзнікі АДКБ” заявіў, што блок па-ранейшаму разглядае Арменію “ў якасці раўнапраўнага партнёра” і гатовы “да дыялогу з калегамі з Ерэвана па ўсім спектры актуальных пытанняў”.

Ерэван замарозіў удзел і не выключыў магчымасці выхаду з АДКБ, абвінаваціўшы арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Азербайджанам.

13 чэрвеня 2024 года Пашынян заявіў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік армянскага ўрада сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі пра карабахскі канфлікт на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня. У той жа дзень амбасадар Арменіі быў выкліканы ў Ерэван для кансультацый.

У адказ Беларусь адклікала для кансультацый свайго амбасадара Аляксандра Канюка. Пры гэтым МЗС заявіў, што Мінск не мае намеру “пагаршаць стасункі з Ерэванам, колькі б армянскае кіраўніцтва да гэтага ні падштурхоўвалі вонкавыя гульцы”.

21 жніўня дэмакратычныя сілы Арменіі запатрабавалі ад уладаў краіны “неадкладна разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю да зняцця дыктатара Лукашэнкі з пасады”. З гэтым і іншымі палітычнымі патрабаваннямі іх прадстаўнікі выйшлі да беларускай амбасады. Прадстаўнікі партыі “У імя Рэспублікі” закідалі дыпмісію яйкамі, памідорамі і бульбай.

У той жа дзень у беларускі МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Арменіі ў Мінску Нарэк Ціратуран. “Армянскі дыпламат быў падрабязна праінфармаваны пра здзейснены групай асоб акт вандалізму ў дачыненні да будынка амбасады Беларусі ў Ерэване, нанесеную беларускай дыпмісіі шкоду і яўна недастатковыя захады армянскіх праваахоўных органаў па яго прадухіленні”, — гаварылася ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства.

Падзеі ля будынка амбасады Беларусі пачалі развівацца пасля інтэрв’ю Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Расія”, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

28 жніўня з’явілася інфармацыя, з якой вынікала, што амбасадар Канюк мог вярнуцца ў Ерэван. Пра яго сустрэчу з вярхоўным патрыярхам, каталікосам усіх армян Гарэгінам Другім паведаміла ў той дзень прэс-служба МЗС Беларусі.

6 верасня кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў наведалі месца будаўніцтва армянскай царквы ў сталіцы і сустрэліся з прадстаўнікамі армянскай дыяспары.

12 верасня Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў пагаршэнні стасункаў з Арменіяй віны Беларусі няма.

Падзяліцца: