Мінск 09:30

Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусь прывозяць дзяцей з “днр”, за што яго “ледзь не зацягнулі ў суд”

Пушылін у чаканні прыёму ў Лукашэнкі

19 верасня, Позірк. Беларусь супрацоўнічала з Данецкай вобласцю “ў складзе Украіны”, і “ў гэтыя складаныя, цяжкія часы з тых часоў” не адмовілася ад гэтага, гатовая працягваць яго і цяпер. Аб гэтым заявіў 19 верасня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком так званай “данецкай народнай рэспублікі” (дэ-факта акупаваная Расіяй частка ўкраінскага рэгіёну) Дзянісам Пушыліным.

“Тут у нас розныя намёкі і іншае, нават з Захаду, што вы вось будзеце супрацоўнічаць, пакрыўдзіце Украіну. Мы нікога не крыўдзім”, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Лукашэнка таксама заявіў, што гатовы “супрацоўнічаць і з Украінай на тых жа прынцыпах, што і з Данецкай рэспублікай”.

“Мы дзетак вашых заўсёды прымаем сюды на лячэнне, адпачынак. Яны вельмі задаволеныя. Праўда, мяне ледзь у суд нейкі не зацягнулі (мабыць, Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, які пакуль не выдаў ордар на арышт Лукашэнкі. — “Позірк”.), што мы крадзем, аказваецца, вашых дзяцей. Ну так я прапанаваў і Украіне, і амерыканцам: калі ласка, прыязджайце, знайдзіце хоць адно крадзенае дзіця. Гэта не нашы прынцыпы”, — сказаў ён.

Пушыліна ён запэўніў у тым, што Беларусь будзе супрацоўнічаць з “днр”, “абсалютна не парушаючы ніякія міжнародныя нормы і нормы нашых узаемаадносін”.

“Ёсць праблема ў будаўніцтве ў вас — мы будзем вас падтрымліваць і дапамагаць. Ёсць у вас праблема кагосьці лячыць, адукацыю атрымаць — мы гатовыя з вамі супрацоўнічаць. Абсалютна на такіх прынцыпах гатовыя супрацоўнічаць і з Украінай. Таму не трэба тут на нас накатваць, навальваць. Мы людзі міралюбныя. У аснове нашых дружбы і супрацоўніцтва — толькі мір”, — заявіў Лукашэнка.

Раней Пушылін наведваў Беларусь 27 ліпеня 2022 года (Брэсцкую вобласць).

Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з ім 18 красавіка 2023 года ў Мінску. На наступны дзень МЗС Украіны асудзіў гэтую сустрэчу і адклікаў амбасадара Ігара Кізіма ў Мінску для кансультацый. У беларускую сталіцу ён не вярнуўся.

Летась 15 чэрвеня амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты падпісаў з Пушыліным “пагадненне аб пашырэнні партнёрства”.

У жніўні 2023 года Беларусь наведвала дэлегацыя “днр”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны.

26 траўня Пушылін у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” заявіў, што ўзаемадзеянне “днр” з Беларуссю “ўжо не спыніць”.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “Данецкай і Луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

Прадстаўнікі Мінска, а таксама Беларускага Чырвонага Крыжа займаюцца вывазам дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны — “на аздараўленне”. У сувязі з гэтым дэмакратычныя сілы дамагаюцца выдачы Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ордэра на арышт Лукашэнкі, як гэта было зроблена ў дачыненні да Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Беларусь “катэгарычна абвяргае галаслоўныя абвінавачванні” ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, заявіў прадстаўнік краіны падчас інтэрактыўнага дыялогу з вярхоўным камісарам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека Фолькерам Цюркам у рамках 56-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.

Падзяліцца: