Мінск 18:28

У гэтым сезоне ад грыпу плануецца прышчапіць 420 тыс. мінчан

Крыніца: pixabay.com

30 верасня, Позірк. У гэтым сезоне ад грыпу плануецца прышчапіць каля 420 тыс. жыхароў сталіцы, паведаміў старшыня камітэта па ахове здароўя Мінскага гарадскога выканкама Ігар Юркевіч.

Відэафрагмент з яго каментаром апублікавала прэс-служба Мінгарвыканкама.

Летась ад грыпу было прышчэплена 417 тыс. чалавек. Такім чынам, у 2024-м плануецца павялічыць колькасць вакцынаваных на 0,72%.

“Мы знаходзімся ў міжэпідэмічным сезоне. Захворвальнасць на ВРВІ стабільная. Рыхтуемся да росту сезонных захворванняў”, — сказаў Юркевіч.

24 верасня медыцынскія спецыялісты заявілі на прэс-канферэнцыі аб “заканамерным уздыме” захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, які адзначаецца цяпер у Беларусі.

Паводле даных медыкаў, на долю рэспіраторных інфекцый прыпадае больш за 98% усёй інфекцыйнай захворвальнасці ў краіне. Рост колькасці хворых яны звязваюць з надыходам восеньскага перыяду, фарміраваннем новых дзіцячых калектываў, пачаткам навучальнага працэсу, заканчэннем сезона адпачынкаў і вяртаннем дарослага насельніцтва ў працоўныя калектывы.

Падзяліцца: