be
Arrow
Мінск 20:22

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаецца пробашчам парафіі Чырвонага касцёла

1 снежня, BPN. Ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк застаецца пробашчам парафіі св. Сымона і Алены ў Чырвоным касцёле, паведаміў BPN прызначаны парафіяльным адміністратарам ксёндз Юрый Санько.

“У кананічным праве прапісаныя восем ці дзесяць функцый пробашча, я буду выконваць толькі адну з іх — адносна матэрыяльных спраў, будовы, дыялогу з дзяржавай ад імя парафіі, ад імя курыі ў справе вырашэння пытанняў па рамонту і рэстаўрацыі, — сказаў ён. — Таму ўсё добра, ксёндз Уладзіслаў застаецца пробашчам. Зараз я дапамагаю ў арганізацыі нармальнага парафіяльнага жыцця, якое будзе ў катэдры (мінскі архікатэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. — BPN.), потым, можа, [у касцёле св. Роха] на Залатой Горцы, паглядзім”.

Святар падкрэсліў, што пасада адміністратара парафіі св. Сымона і Алены для яго ёсць дадатковай працай, ён застаецца пробашчам парафіі св. Роха і выканаўцам абавязкаў прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Пра прызначэнне Санько на пасаду адміністратара згаданай парафіі 1 снежня паведаміла мітрапалітальная курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Было абвешчана, што ён будзе адказным за вядзенне “спраў, звязаных з рамонтам і будаўнічымі працамі ў храме, а таксама для перамоваў з уладамі”.

Супольнасць Чырвонага касцёла, згодна з рашэннем курыі, часова перамесцяць у архікатэдральны касцёл.

Рамонт Чырвонага касцёла праводзіцца ў сувязі з пажарам, які здарыўся ў ноч на 26 верасня. Паводле інфармацыі МНС, у выніку здарэння была пашкоджана маёмасць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі. Улады закрылі будынак да аднаўлення пашкоджаных пажарам камунікацый і “атрымання вынікаў інструментальных даследаванняў будаўнічых канструкцый”.

6 кастрычніка Мінгарвыканкам у асобе дырэктара свайго прадпрыемства “Мінская спадчына” паведаміў аб скасаванні дагавора бязвыплатнага карыстання будынкам касцёла з парафіяй святых Сымона і Алены, афіцыйна — з-за рамонтных работ.

7 кастрычніка курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заявіла, што шукае “альтэрнатыўныя магчымасці для аднаўлення дзейнасці парафіяльнай супольнасці”, але “спадзяецца на плённае супрацоўніцтва” з уладамі дзеля вяртання Чырвонага касцёла вернікам.

14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі праводзіць богаслужэнні ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканнях і дворыку касцёла.

25 лістапада, за дзень да сваёй смерці, міністр замежных спраў Уладзімір Макей сустрэўся з апостальскім нунцыем, арцыбіскупам Антэ Ёзічам. Асноўнымі тэмамі гутаркі сталі 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам, узаемадзеянне Ватыкана і Мінска, а таксама “актуальнае становішча Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі”.

28 лістапада стала вядома, што пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк уладкаваўся дворнікам пры касцёле. З адпаведнай просьбай ён звярнуўся да касцельнага камітэта, заявіўшы, што “тэрыторыя вакол касцёла не прыбіраецца”.

Чырвоны касцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасць Мінска. Парафія св. Сымона і Алены займала будынак касцёла і дом святара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстанні, заключанай з прадпрыемствам “Мінская спадчына”.

Некалькі гадоў таму гарадскія ўлады заявілі, што ў парафіі назапасіўся істотны доўг па зямельным падатку, падатку на нерухомасць і амартызацыі.

У сацсетках сталі выказваць меркаванне, што пажар не быў выпадковым і меў на мэце выселіць каталіцкую абшчыну.

Падзяліцца: