be
Arrow
Мінск 20:31

Тэнісістка Сабаленка заявіла, што “непасрэдна зараз” не падтрымлівае Лукашэнку

6 чэрвеня, BPN. Беларуская тэнісістка, другая ракетка свету Арына Сабаленка заявіла, што не падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку “непасрэдна зараз”. Аб гэтым яна сказала на прэс-канферэнцыі 6 чэрвеня пасля перамогі над украінкай Элінай Світолінай у чвэрцьфінальным матчы турніру “Ралан Гарос” у Францыі. 
 
Пытанне журналіста пра Лукашэнку спартсменка назвала “складаным”. “Мы шмат гулялі ў Кубку Федэрацыі ў Беларусі. Ён (Лукашэнка. — BPN.) быў на нашых матчах, фатаграфаваўся з намі пасля гульняў. Нічога дрэннага ў той час не адбывалася ні ў Беларусі, ні на Украіне, ні ў Расіі”, — адзначыла Сабаленка. 
 
Зараз, паводле слоў тэнісісткі, яна не хоча, каб Беларусь “была ўцягнута ў які-небудзь канфлікт”. 
 
“І я ўжо гаварыла шмат разоў: я не падтрымліваю вайну. <…> Вы ведаеце маю пазіцыю. Ведаеце мой адказ. Я шмат разоў адказвала на пытанне аб гэтым”, — заявіла Сабаленка. 
 
“Я не хачу, каб спорт умешваўся ў палітыку, — дадала яна. — Я проста тэнісістка, 25-гадовая тэнісістка. І калі б я хацела займацца палітыкай, мяне тут не было б. Я не хачу ўдзельнічаць ні ў якой палітыцы”. 
 
1 чэрвеня, пасля перамогі ў другім крузе “Ралан Гарос”, Сабаленка адмовілася адказваць на пытанне аб стаўленні да Лукашэнкі. 
 
“У мяне няма каментароў для вас, таму дзякуй за пытанне”, — сказала яна на прэс-канферэнцыі. 
 
Пасля гэтага дзве прэс-канферэнцыі беларуска правяла для абмежаванага кола журналістаў, чым выклікала крытыку ў тэніснай супольнасці. 
 
У 2020 годзе Сабаленка падпісала адкрыты ліст беларускіх спартсменаў у падтрымку ўладаў. 
 
Да таго яна кампліментарна адклікалася пра Лукашэнку, сустракалася з ім у Палацы незалежнасці і ўдзельнічала ў запісе навагодняга звароту ў снежні 2020 года. 
 
28 студзеня пасля перамогі тэнісісткі на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі (як і “Ралан Гарос”, з’яўляецца адным з чатырох турніраў “Вялікага шлема”) Лукашэнка “ад усёй душы” павіншаваў яе з гэтым поспехам. 
 
Дэмакратычная грамадскасць шмат гадоў абвінавачвае Лукашэнку ў выкарыстанні спартыўных перамог суайчыннікаў для прапаганды сваёй палітыкі.

Падзяліцца: