Мінск 01:40

Беларусь заключыць міжнародныя пагадненні ў мытнай інвестыцыйнай і падатковай сферах з Экватарыяльнай Гвінеяй

30 лістапада, Позірк. Урад Беларусі заключыць з Экватарыяльнай Гвінеяй міжнародныя дагаворы аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах, заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый, аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы і маёмасць.

Адпаведныя ўказы № 377, 378 і 379 падпісаў Аляксандр Лукашэнка 28 лістапада, яны апублікаваны 30 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Указы ўпаўнаважваюць Дзяржаўны мытны камітэт, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства эканомікі і Міністэрства замежных спраў на правядзенне перагавораў па праектах пагадненняў і іх падпісанне “пры дасягненні дамоўленасці ў межах адобраных праектаў”.

Указы набылі моц з моманту іх падпісання.

Савет міністраў 23 лістапада адобрыў праекты пагадненняў аб супрацоўніцтве ў сферы навукі і тэхналогій, турызму і ўзаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі з урадам Экватарыяльнай Гвінеі.

15 лістапада віцэ-прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянг Нгема Мангу на сустрэчы з кіраўніком беларускага знешнепалітычнага ведамства Сяргеем Алейнікам у Малаба заявіў аб сваім намеры ў бліжэйшы час наведаць Беларусь.

Прэзідэнт краіны Тэадора Абіянг Нгема Мбасога ў той жа дзень пацвердзіў Алейніку, што ў Экватарыяльнай Гвінеі “чакаюць і сур’ёзна рыхтуюцца” да прыезду Аляксандра Лукашэнкі.

81-гадовы Мбасога, які кіруе сваёй краінай 44 гады, наведваў Беларусь у пачатку верасня. Для яго гэта стала першай паездкай у дзяржаву Еўропы.

Падзяліцца: