Мінск 10:21

Кіраўнік МЗС Польшчы Сікорскі падзякаваў Ціханоўскай за віншаванне з прызначэннем на пасаду, назваўшы яе прэзідэнтам

Фота: МЗС Польшчы / Sebastian Indra

14 снежня, Позірк. Радослаў Сікорскі падзякаваў беларускаму дэмакратычнаму лідару Святлане Ціханоўскай за віншаванне з прызначэннем на пасаду міністра замежных спраў Польшчы.

Сікорскі з’яўляецца сімвалічным хросным папулярнага відэаблогера, палітвязня Сяргея Ціханоўскага — мужа кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета.

“Дзякуй, прэзідэнт Ціханоўская. Ваш муж і ўсе астатнія палітвязні ў Беларусі — героі справы свабоды. Польшча будзе працаваць над тым, каб аднойчы [яна магла] павітаць вас як незалежнага, дэмакратычнага і еўрапейскага суседа”, — напісаў Сікорскі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

13 снежня Ціханоўская заявіла, што прызначэнне Сікорскага на пасаду кіраўніка польскага знешнепалітычнага ведамства “ўсяляе вялікія надзеі на будучыню”. Яна выказала надзею на найхутчэйшую сустрэчу з ім і “далейшае ўмацаванне шчыльнай супрацы”.

Сікорскі ўзначаліў МЗС Польшчы 13 снежня пасля прывядзення да прысягі ўрада на чале з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам. Адметна, што ў 2007–2014 гадах ён ужо займаў гэтую пасаду, а да таго два гады ўзначальваў Міністэрства абароны.

Падзяліцца: