Мінск 15:18

Прынцыповыя пытанні па стварэнні адзінага рынку электраэнергіі Беларусі і Расіі вырашаны — Мінэнерга РФ

17 кастрычніка, Позірк. Масква і Мінск урэгулявалі ўсе прынцыповыя рознагалоссі па стварэнні адзінага рынку электраэнергіі, заявіў намеснік міністра энергетыкі РФ Павел Сніккарс 17 кастрычніка ў Мінску на Беларускім энергетычным і экалагічным форуме.

“Мне здаецца, што тут пытанні ў большай ступені носяць ужо арганізацыйны характар, аб прынцыповых рашэннях мы дамовіліся, — цытуе ТАСС чыноўніка. — Таму мне здаецца, што ў нас вельмі станоўчае ўзаемадзеянне. За апошнія паўтара-два гады працы мы рушылі наперад максімальна высока і шмат. Таму будзем чакаць падпісання міжнародных дамоваў і іх рэалізоўваць”.

Ён лічыць, што энергасістэмы Беларусі і РФ “па сваёй сутнасці залішнія”: “У нас таксама ёсць свае атамныя станцыі, якія размешчаны ў цэнтральнай частцы Расіі. Таму калі вы пытаецеся: “Ці будзеце вы спыняць уласныя атамныя стацыі, каб спажываць электраэнергію, што вырабляецца на Беларускай атамнай станцыі?” — пакуль мой адказ: не”.

Раней міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч заяўляў, што агульны рынак электраэнергіі Саюзнай дзяржавы пачне працаваць з 1 студзеня 2024 года.

16 сакавіка гэтага года старшыня камітэта Дзярждумы Расіі па энергетыцы Павел Завальны заявіў, што з 2024 года Беларусь зможа пастаўляць электраэнергію ў РФ.

Падзяліцца: