Мінск 05:40

Ціханоўская заклікала не дапусціць дэпартацыі ў РФ музыкаў гурта “Бі-2”, затрыманых у Тайландзе (дапоўнена)

Фото: globallookpress.com

28 студзеня, Позірк. “Мы не павінны дапусціць” дэпартацыі ў Расію музыкаў гурта “Бі-2”, заявіла 28 студзеня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Бі-2″ адкрыта падтрымаў нашы пратэсты ў 2020 годзе і выступае супраць агрэсіі Пуціна ва Украіне. У Расіі яны могуць падвяргацца пераследам і рэпрэсіям”, — напісала палітык у сацсетцы “Х” (былы “Твітар”).

24 студзеня семярых музыкаў “Бі-2” затрымалі ў Тайландзе пасля канцэрту. Прычынай стала адсутнасць дазволаў на працу ва ўсяго калектыву, што парушае закон аб знаходжанні ў гэтай краіне. Артыстаў змясцілі ў цэнтр утрымання міграцыйнай паліцыі вострава Пхукет.

Спачатку рашэннем суда музыкаў аштрафавалі, неабходную суму яны выплацілі адразу пасля прысуду. Аднак цяпер вырашаецца пытанне аб дэпартацыі ўдзельнікаў гурта па месцы выдачы іх пашпартоў.

Адзначаецца, што пяцёра з сямі музыкаў — грамадзяне Расіі. У лідараў групы — ураджэнцаў Беларусі Аляксандра Умана (Шура “Бі-2”) і Ягора Бортніка (Лёва “Бі-2”) — грамадзянства Ізраіля і Аўстраліі.

Паводле інфармацыі расійскага апазіцыйнага палітыка Дзмітрыя Гудкова, дэпартаваць “Бі-2” у РФ патрабуе генеральны консул Расіі ў Пхукеце Уладзімір Сасноў. Для гэтага ён нібыта звязваўся з міграцыйнымі ўладамі Тайланда праз тэлефон.

Прадстаўнікі гурта ў сацсетках паведамілі, што канцэрты “Бі-2” “заўсёды праводзяцца ў адпаведнасці з мясцовымі законамі і практыкамі”, а падставай для затрымання стала тое, што арганізатары канцэрта “некарэктна аформілі дакументы”.

Пасля нападу Расіі на Украіну гурт заняў антываенную пазіцыю, праз што канцэрты гурта ў Расіі былі скасаваныя і больш не праводзяцца. Увесну 2022 года музыкі адмовіліся ад выступу ў Омску на фоне банэра “Za прэзідэнта”. Цяпер выступаюць за мяжой.

У 2020 годзе калектыў “Бі-2” падтрымаў пратэстны рух у Беларусі. “Мы шчыра падтрымліваем Беларусь у яе барацьбе за свабоду”, — з такой заявай музыкі выступілі на старонцы гурта ў “Фэйсбуку”. Яны заклікалі АМАП і міліцыю спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў.

Гурт “Бі-2” заснаваны ў 1988 годзе ў Бабруйску мясцовым жыхаром Аляксандрам Уманам і мінчуком Ягорам Бортнікам. Пасля распаду СССР калектыў пераехаў у Ізраіль, затым у Аўстралію. Часта выступаў ў Расіі і іншых постсавецкіх краінах.

Падзяліцца: