Мінск 20:42

Праваабаронцы канстатуюць абсалютны кантроль улады над выбарчай кампаніяй

Крыніца: "Фэйсбук"

30 студзеня, Позірк. “Практычна поўная адсутнасць інфармацыі аб этапе фармавання ўчастковых выбарчых камісій (УВК) і правах і магчымасцях, звязаных з ім, адрасаванай шырокаму колу выбаршчыкаў, паказвае поўную незацікаўленасць уладаў у рэальным удзеле грамадзян у выбарчых працэсах і пацвердзіла курс на абсалютны кантроль уладамі над усімі этапамі выбараў*2024”.

Такая выснова змяшчаецца ў справаздачы аб утварэнні ўчастковых камісій, абнародаванай экспертнай місіяй Беларускага Хельсінкскага Камітэта і праваабарончага цэнтра “Вясна” ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленнях ад выбаршчыкаў з Беларусі. Аўтары дакумента тлумачаць, што тэрмін “выбары*” прымяняльна да выбарчай кампаніі 2024 года выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць яго ўмоўны характар.

У справаздачы звяртаецца ўвага на скарачэнне колькасці УВК пры павышэнні нагрузкі на іх у сувязі з адначасовым правядзеннем парламенцкіх і мясцовых выбараў. На думку аўтараў, гэта “можа сведчыць аб упэўненасці ў адміністрацыйнай кантраляванасці ўсіх працэсаў, а таксама ў нізкай палітычнай актыўнасці выбаршчыкаў і нізкай яўцы (на фоне адтоку насельніцтва), і аб жаданні ўладаў уключыць у камісіі выключна лаяльных людзей”.

Адзначаецца, што ўсе этапы кампаніі праводзяцца без незалежнага назірання і грамадскага кантролю, а ў выніку рэпрэсій, якія працягваюцца, “рэзка абмежавана кола суб’ектаў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад УВК”.

Абноўленае заканадаўства дазваляе не публікаваць пайменныя спісы іх сяброў, што значна ўскладняе магчымасць ацаніць спецыфіку складу камісій, дадалі праваабаронцы.

Як паведамлялася, для арганізацыі выбараў у адзіны дзень галасавання 25 лютага ўтворана 5.411 выбарчых камісій, у склад якіх увайшло 57.233 чалавек.

Такім чынам, працягваецца тэндэнцыя зніжэння колькасці камісій і іх сябраў (на парламенцкіх выбарах 2019 года была ўтворана 5.971 камісія, у якую ўваходзіла 65.856 чалавек, у 2016-м гэтыя паказчыкі складалі адпаведна 6.301 і 68.945).

У гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць.

У 2020 годзе на прэзідэнцкіх выбарах многія выбаршчыкі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную платформу “Голас”, што стала адным са сведчанняў фальсіфікацыі ўладамі вынікаў галасавання на карысць Аляксандра Лукашэнкі.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Падзяліцца: