Мінск 09:02

Швед: У 2023 годзе зафіксавана больш за 500 выпадкаў атручвання наркотыкамі і 80 смерцяў ад перадазіроўкі

Фота: прэс-служба Генпракуратуры

19 лютага, Позірк. Узровень наркатызацыі грамадства “не дае падстаў для самазаспакаення”: летась зафіксавана 508 выпадкаў атручвання наркотыкамі і 82 смерці ад перадазіроўкі. Такіе звесткі прывёў на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу генеральны пракурор Андрэй Швед, паведамляюць дзяржСМІ.

У 2023 годзе зменшылася колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў (з 3.220 да 2.852, або на 11,4%), у асноўным за кошт зніжэння збыту наркотыкаў (з 2.113 да 1.861, або на 11,9%). Органы ўнутраных спраў, паводле слоў Шведа, арыентаваныя ў першую чаргу на выяўленне і спыненне дзейнасці буйных збытчыкаў. У выніку колькасць канфіскаваных наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў узрасла ў 4,5 раза (з 290 да 1.300 кг).

Швед таксама заявіў аб зніжэнні колькасці загінулых ад злачынстваў (з 714 да 673, або на 5,7%). Менш зарэгістравана забойстваў (зніжэнне з 250 да 224, на 10,4%), выпадкаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў (з 678 да 564, на 16,8%), згвалтаванняў, разбояў, рабаванняў і крадзяжоў, а таксама злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам.

Паводле сцвярджэння генпракурора,”у выніку прынятых мер агулам у краіне забяспечана стабільная абстаноўка”. “Колькасць зарэгістраваных у 2023 годзе злачынстваў у параўнанні з 2022 годам скарацілася на 3,6%. Узровень злачыннасці з’яўляецца мінімальным за апошнія 5 гадоў. Дзякуючы скаардынаванай працы праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў Беларусь была і застаецца бяспечнай краінай”, — цытуе Шведа прэс-служба Генпракуратуры.

Пра тое, што “ў краіне назіраецца штогадовае зніжэнне агульнага ўзроўню злачыннасці”, заявіў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара на пасяджэнні калегіі ведамства 16 лютага.

Падзяліцца: