Мінск 02:00

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” затрыманы 54-гадовы мінчанін

Крыніца: soyuz.by

3 сакавіка, Позірк. Супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў затрыманы 54-гадовы жыхар Мінска, у дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа.

“Устаноўлена: мужчына ў 2020 годзе стварыў і адміністраваў групу ў сацыяльнай сетцы, дзе размяшчаў дэструктыўныя матэрыялы пратэстнай тэматыкі, накіраваныя на змену канстытуцыйнага ладу, — паведамляе прэс-служба МУС. — Разам з гэтым у сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народа з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі”.

“Падобнымі пастамі”, сцвярджае ведамства, затрыманы “спрабаваў ачарніць памяць ахвяр нацызму і герояў, якія змагаліся з ворагам”.

Справа заведзеная паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 1301 (рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 1302 (адмаўленне генацыду беларускага народа, якое змяшчаецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, альбо ў інфармацыі, размешчанай у <…> інтэрнэце), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Прозвішча затрыманага не паведамляецца.

У МУС заявілі, што гэта першы выпадак “прыцягнення да адказнасці” за “адмаўленне генацыду беларускага народа”.

У 2022 годзе Генеральная пракуратура паведаміла аб узбуджэнні справы паводле арт. 1302 КК у дачыненні да “групы неўстаноўленых асоб”, якія на медыя-рэсурсах “Флагшток” і “Люстэрка” “распаўсюджвалі інфармацыю” аб адмаўленні генацыду.

Гэты ж крымінальны артыкул інкрымінаваны журналісту “Радыё Свабода” Сяргею Дубаўцу, які пражывае за мяжой, супраць яго ў студзені распачатая спецвытворчасць.

Тэму “генацыду беларускага народа” ўлады пачалі актыўна прасоўваць каля трох гадоў таму, тады ж за яго публічнае адмаўленне ўвялі крымінальную адказнасць. Пры гэтым прадстаўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пастаянна праводзяць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і гвалту з боку сілавікоў.

Падзяліцца: